2011-11-23 12:53:52

Біскупы ПАР заклапочаны кліматычнымі зменамі


RealAudioMP3 Каталіцкія біскупы Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі скіравалі спецыяльнае пасланне з нагоды канферэнцыі ААН на тэму змен клімату, якая пройдзе з 28 лістапда па 9 снежня ў Дурбане. Іерархі падкрэсліваюць “тэрміновасць” дзеянняў па праблеме кліматычных змен і спадзяюцца, што форум прынясе станоўчыя вынікі. “Уся наша планета сёння знаходзіцца пад пагрозай па прычыне кліматычных змен, выкліканых дзейнасцю чалавека”, - адзначаюць іерархі. Для біскупаў такія змены з’яўляюцца “вялікім духоўным выклікам”, скіраваным да вернікаў і ўсіх людзей добрай волі, як вынік нішчэння Стварэння. “Такія сітуацыі патрабуюць змен нашага мыслення і спосабу жыцця, каб паменшыць нашу залежнасць ад выкапнёвага паліва, асабліва ад вугалю і нафты”, - падкрэсліваюць іерархі.

Біскупы Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі робяць заклік да вернікаў, каб кожны ўнёс у гэты працэс свой уклад. У выніку пастаяннага росту забруджвання навакольнага асяроддзя кожны пакліканы “аб’яднаць свае намаганні з кіраўніцтвам сваіх краін і ААН з мэтай зніжэння выкідаў вуглякіслага газу, для нашай карысці і дабра будучых пакаленняў і ўсіх жывых істот”, - адзначаюць каталіцкія іерархі.

“У гэтым сэнсе сустрэча ў Дурбане з’яўляецца адзінай магчымасцю прыняць важныя рашэнні, якія паменшылі б прычыны і ўплыў кліматычных змен”, - падкрэсліваюць біскупы. Акрамя таго, іерархі звяртаюць увагу на тое, што паколькі геаграфія ўдзелу ў Кіоцкім пратаколе 1997 г. была пашырана і ён стаў абавязковым, неабходна каб на сустрэчы у Дурбане былі прыняты канкрэтныя меры з мэтай кантролю над абавязацельствамі, асабліва індустрыялізваных краін і краін на шляху развіцця.







All the contents on this site are copyrighted ©.