2011-11-22 09:04:45

"Хрыціянін у секулярным грамадстве". Плады бездухоўнасці


RealAudioMP3 Вітаю Вас, шаноўныя радыёслухачы, у чарговай перадачы, прысвечанай жыццю хрысціяніна ў сучасным свеце. У папярэдніх спатканнях мы пачалі разглядаць праблемы суадносін паміж рэлігіяй і секулярызмам. Мы заўважылі, што ХХ ст. характарызавалася намаганнямі кіраўніцтваў многіх еўрапейскіх краін да адсоўвання рэлігіі на ўзбочыну грамадскага жыцця і прапагандай свецкасці або атэізма. Цяпер, на пачатку ХХІ ст. многія даследчыкі гавораць аб постсекулярных тэндэнцыях у свеце. Гэта значыць, што рэлігія зноў пачынае набіраць усё большае значэнне ў жыцці грамадстваў. Аднак гэта ўжо зусім іншы рэлігійны фон. Калі раней намаганні ідэолагаў свецкасці па выцясненні рэлігіі датычылі перадусім хрысціянства, то цяпер секулярны свет сустракаецца з шырокім спектрам самых разнастайных рэлігійных светапоглядаў. І сярод іх далёка не ўсе здольныя так як хрысціянства весці рацыянальны дыялог ці дыскусію. Нізкі ўзровень адукацыі, унутраная падзеленасць, недавер і ксенафобія прадстаўнікоў некаторых рэлігійных плыняў, не дазваляе на нармальны дыялог з сучасным светам.

Не выпадкова апошнім часам на навышэйшым узроўні лідэры многіх краінаў Еўропы пачалі гаварыць аб фіяска планаў па пабудове секулярнага мультыкультурнага свету. Ідэя фарміравання свецкага грамадства, дзе ўсе рэлігіі мелі б свабоду, але толькі ў межах прыватнага жыцця чалавека, аказалася нерэальнай.

У чым жа пралічыліся архітэктары грамадства без Бога? Каб заўважыць памылковыя перадумовы секулярнай ідэалогіі, не абавязкова быць вялікім мысліцелем, а дастаткова проста паглядзець, якога чалавека імкнецца выхаваць т. зв. “секулярны праект”. Давайце ж скіруем наш позірк на сучасныя найбольш секулярызаваныя грамадствы.

Першае, што звяртае на сябе ўвагу, гэта пагроза фізічнага вымірання зсекулярызаванага насельніцтва. Жахліва нізкая нараджальнасць і старэнне нацый. Пры гэтым можна заўважыць парадаксальныя супярэчнасці ў мерах, якія прымаюцца, каб вырашыць гэтую праблему. З аднаго боку праводзіцца палітыка фінансавай падтрымкі і заахвочвання шматдзетных сем’яў, разнастайныя ільготы для дзяцей, цяжарных жанчын і г.д. З другога боку, у той самы час выдзяляюцца сродкі на прапаганду і фінансаванне абортаў, кантрацэпцыі, антысямейных каштоўнасцяў. А некаторыя краіны пайшлі яшчэ далей, дазваляючы на практыкаванне эўтаназіі.

Памылковая, нерэальная канцэпцыя чалавека ў асновах ідэалогіі секулярызма прывяла да драматычных і парадаксальных наступстваў. Творцы свецкасці меркавалі, што рэлігійнасць не адносіцца да цэнтральных патрэбаў чалавечай асобы. Таму яны былі перакананыя, што ад рэлігійнасці можна або пазбавіцца, або спіхнуць яе ў разрад прыватнага жыцця. Разам з тым прыкладаліся велізарныя намаганні па секулярызацыі самой рэлігійнасці, перадусім дамінуючага ў Еўропе хрысціянства. Аднак архітэктары свецкасці пралічыліся. Узнёслыя гуманныя мараль і звычаі, пазбаўленыя сваёй хрысціянскай асновы, пачалі разбурацца. Духоўную пустку пачалі запаўняць адыёзныя псеўдарэлігійныя новаўтварэнні, накшатл ідэалогіі New Age. А адсутнасць выразных светапоглядных арыенціраў і крызіс сэнсу жыцця пачалі прыводзіць да крызісу ў розных сферах спачатку прыватнага, а пасля грамадскага жыцця, паглыбляючы дэградацыю інстытуту сям’і, праблемы ў сферы эканомікі.

Як выйсці са, здавалася, відавочна памылковага шляху арганізацыі прыватнага і грамадскага жыцця? Як выправіць памылкі секулярнай утопіі? Адказ на гэтыя пытанні шукаюць многія сучасныя мысліцелі. Касцёл са свайго боку прапаноўвае ў першую чаргу аздаравіць корань праблемы – адкінуць памылковую канцэпцыю чалавека. Па-другое, не змагацца з рэлігійнасцю, але ацаніць фундаментальную важнасць духоўнай сферы чалавека. Па-трэцяе, дапамагчы розным рэлігіям засцерагчыся ад магчымых канфліктаў у эпоху постсекулярнага свету. На фоне ўсяго гэтага здаецца зразумелым і жыццёва неабходным дыялог прадстаўнікоў розных рэлігій і ідэалогій. Менавіта таму Апостальская Сталіца прыкладае велізарныя намаганні, каб стварыць прастору дыялогу паміж прадстаўнікамі самых розных светапоглядаў. Прыкладам практычнай рэалізацыі гэтых намераў з’яўляецца між іншым нядаўняе спатканне лідэраў розных рэлігій, агностыкаў і атэістаў, арганізаванае Касцёлам у Асізі 27 кастрычніка бягучага года. На гэтым спатканні Бэнэдыкт XVI асаблівым чынам заклікаў зацікаўленых асобаў зрабіць усё магчымае, каб не дазволіць выкарыстоўваць веру дзеля насілля. Між іншым Пантыфік казаў: “Ніколі болей вайны! Ніколі болей тэрарызму! У імя Бога няхай кожная рэлігія прынясе свету супакой і справядлівасць, прабачэнне і жыццё!”. Няхай заклік Папы стане для кожнага з нас заахвочваннем да таго, каб у сучасным свеце не паддавацца ідэалогіям насілля, але імкнуцца быць сведкамі Хрыста, адкрытымі на дыялог у імя праўды і любові.








All the contents on this site are copyrighted ©.