2011-11-22 08:59:43

"Хрысціянін у секулярным грамадстве". Умовы плюралістычнага грамадства


RealAudioMP3 Вітаю вас, шаноўныя слухачы, у нашай праграме, прысвечанай жыццю хрысціяніна ў сучасным свеце. У нашай мінулай перадачы мы звярнулі ўвагу на тое, што характэрнай прыкметай сучаснага грамадства з’яўляецца секулярызм (свецкасць). Мы таксама ўзгадалі пра тое, што працэс секулярызацыі у многіх еўрапейскіх грамадствах выкарыстоўваўся прыхільнікамі больш ці менш выражанай антырэлігійнай, перадусім антыхрысціянскай, прапаганды. І ўсё гэта адбывалася пад лозугнам барацьбы за вольнасць самавызначэння чалавека, свабоды дзяржавы ад Касцёла. Аднак, як паказала гісторыя, умацаванне ідэй ліберальнага грамадства парадаксальна пачало пагражаць адваротнымі ад чаканых пладамі. Пашырэнне свабод адных грамадзян, пачало прыводзіць да абмежавання правоў другіх. На пачатку XXI стагоддзя мы маем шмат прыкладаў такіх парадоксаў. Напрыклад, адцясненне рэлігіі з публічнай сферы пачало прыводзіць да неабмежаванага пашырэння свабоды атэістычнай прапаганды. А выцясненне здаровай рэлігійнай адукацыі спрыяе небываламу разгулу магіі, сект і акультызму. Да гэтых праблем на мяжы XX - XXI стагоддзяў далучылася змена рэлігійнага клімату у Старым свеце.

Ранейшыя хрысціянскія грамадствы Еўропы ўжо, здавалася, пагадзіліся з паглыбленнем секулярызму, адсоўваннем рэлігіі з публічнага жыцця. Але парадаксальна той жа секулярызм пачаў падштурхоўваць узрастаючае ісламскае насельніцтва да стварэння адмысовых грамадстваў у грамадстве. Пачалі ўзнікаць новыя лініі напружання паміж ідэямі секулярызму і іслама. Больш таго, крызіс секулярных ідэй і ўзрастанне ролі рэлігій у сучасным свеце схіляе многіх вучоных да думкі, што на пачатку XXI стагоддзя мы маем дачынне ўжо з постсекулярным грамадствам.

У выніку сусветная супольнасць стаіць перад чарговым выклікам часу. З аднаго боку у свеце няспынна паглыбляюцца працэсы дэмакратызацыі. Аднак, з другога боку, гэтым працэсам пачынае спадарожнічаць не столькі секулярызм, колькі плюралізм рэлігій і светапоглядаў. Гэта схіляе кіраўніцтвы многіх дзяржаў да пошуку найбольш аптымальных шляхоў узаемаразумення і суіснавання паміж разнастайнымі групамі грамадства. Зразумела, што ў так важнай справе Касцёл таксама не застаецца збоку. Яшчэ ў 1963 г. Папа Ян XXIII ў энцыкліцы “Pacem in terris” пісаў: “Кожны чалавек мае права ўшаноўваць Бога паводле патрабаванняў уласнага сумлення”. Прызнанне з боку каталіцкага веравучэння неад’емнасці права кожнага чалавека да свабоды веравызнання, не азначае прызнанне Касцёлам узаемавыключных светапоглядаў. Нельга лічыць аднолькава дапушчальнымі мір і насілле, любоў і нянавісць, дыялог і фанатызм. На гэтую тэму ў 2002 годзе Кангрэгацыя Навукі веры выдала адмысловую “Дактрынальную ноту аб некаторых аспектах дзейнасці і паводзін католікаў у палітычным жыцці”. У гэтым дакуменце між іншым чытаем: “Ніхто з веруючых людзей не павінен спасылацца на прынцып плюралізму і аўтаноміі свецкіх у галіне палітыкі дзеля падтрымкі рашэнняў, якія адкідваюць або ставяць пад сумнеў этычныя нормы, што маюць фундаментальнае значэнне для агульнага дабра грамадства” (п. 5).

Навучанне Касцёла ідзе ў тым кірунку, каб у рэалізацыі прынцыпа свабоды веравызнання засцерагчы грамадства ад небяспечных крайнасцяў. Адной з іх будзе рэлігійны эгаізм, калі вызнаўца нейкай канфесіі зацыкліваецца толькі на сваіх перакананнях і не лічыцца са светапоглядам і перакананнямі суграмадзянаў. Другая крайнасць – гэта калі вернік у імя талерантнасці гатовы адкінуць фундаментальныя каштоўнасці сваёй веры дзеля суб’ектыўна разуметага грамадскага супакою. Перад гэтай з’явай засцерагаў вернікаў бласлаўлёны Папа Ян Павел ІІ навучаючы: “Свабода сумлення і рэлігіі… можа рэалізоўвацца толькі ў адказнасці, г.зн. у згодзе з этычнымі нормамі роўнасці і справядлівасці, якія могуць быць умацаваныя шляхам… дыялогу”.

У той жа час Папа Бенедыкт XVI не перастае заклікаць людзей розных светапоглядаў і рэлігій да таго, каб яднацца не на шляху кампрамісаў, але праз сумесны пошук адзінай Праўды. Бо кампрамісы заўсёды дзеляць, абмяжоўваюць, застаўляюць ісці на здзелку з сумленнем і перакананнем. У той жа час сумесны і шчыры пошук Праўды можа стаць пляцоўкай сапраўднага адзінства ў духу ўзаемнай пашаны паміж людзьмі самых розных светапоглядаў.

На заканчэнне нашай сённяшняй перадачы, мяркую, варта ўзгадаць нам словы Папы, з якімі ён звярнуўся да прадстаўнікоў Камісіі па міжрэлігійным дыялогу, сабраных у цэнтры Нотр-Дам у 2009 годзе. Пантыфік казаў: “Праўда ніколі не з’яўляецца пагрозай для талерантнасці, для існуючых розніц ці культурнага плюралізму. Яна дае магчымасць дасягнуць кансенсус і дазваляе праводзіць публічныя дэбаты рацыянальна, годна і адказна, адкрываючы шлях супакою. Паглыбленне жадання быць паслухмянымі праўдзе пашырае нашую канцэпцыю розуму і поле яго застасавання; гэта робіць магчымым аўтэнтычны дыялог паміж культурамі і рэлігіямі, які сёння так неабходны”.








All the contents on this site are copyrighted ©.