2011-11-22 08:59:24

"Хрысціянін у секулярным грамадстве". Выклікі секулярнага грамадства


RealAudioMP3 Выраз “секулярнае грамадства”, “секулярызм” часта можна пачуць з вуснаў як людзей далёкіх ад рэлігіі, так і ад шматлікіх дзеячаў хрысціянства. Апошнім часам можна заўважыць, як у многіх выказваннях пастыраў Касцёла, пачынаючы ад Папы, біскупаў і завяршаючы звычайнымі святарамі ў парафіях, можна пачуць словы перасцярогі перад пагрозамі секулярызму. Што ж такое секулярызм і чым ён пагражае сучаснаму хрысціяніну? На гэтыя пытанні пастараемся знайсці адказ у сённяшняй перадачы.

Само паняцце “секулярызм” прыйшло да нас з лацінскай мовы. Яно паходзіць ад слова “saecularis” (свецкі), якое ў сваю чаргу паходзіць ад слова “saeculum” (“свет”, “зямны век”). Таму секулярзым можна акрэсліць як ідэалогію, скіраваную на выцясненне рэлігіі з грамадскага жыцця, з публічнай сферы грамадства, і засяроджаннем чалавека толькі на зямных справах. Месца рэлігіі фактычна займае атэізм. Прыхільнікі секулярызма называюць падданую ёй групу людзей “вольным грамадствам”, не дагаворваючы, што маецца на ўвазе вольнасць ад рэлігіі.

Секулярызм як выражаная грамадская ідэалогія паўстаў у сярэдзіне 19 ст. у Англіі. У 1851 годзе у Лондане G. J. Holyoake абвясціў аб паўстанні секулярыстычнага руху. Патрэбу паўстання такога руху ён тлумачыў бяссільнасцю рэлігіі перад сацыяльна-эканамічнымі праблемамі свайго часу. Таму было абвешчана, што рэлігію належыць адсунуць ад грамадсткага жыцця, а ініцыятыву ў вырашэнні сацыяльных праблем павінна перайняць навука і вызвалены ад рэлігійнасці розум, скіраваны толькі на патрэбы зямнога свету. Творцы англійскага секулярыстычнага руху не прапагандавалі барацьбы з рэлігіяй, а толькі адмысловую сепарацыю, адсуванне яе на ўзбочыну грамадскага жыцця. Але практычна адразу ідэі гэтага руху падтрымалі атэісты, якія пад сцягамі секулярызма распачалі барацьбу з усялякімі праяўленнямі рэлігійнасці, вешаючы на яе клішэ тормазу ў развіцці грамадства, цямноты, перашкоды на шляху пабудовы зямнога раю.

Секулярыстычны рух, падсілкаваны атэістычнай ідэалогіяй, пачаў ператварацца ў агрэсіўную ідэалогію, якая імкнулася да татальнага выкаранення рэлігіі як такой. Беларусы разам з іншымі народамі Усходняй Еўропы па сённяшні дзень пажынаюць плады савецкага секулярызма, які аказаўся найбольш агрэсіўным адносна рэлігіі. Прадстаўнікі гэтага тыпу секулярызма імкнуліся да фізічнага вынішчэння абсалютна ўсіх праяўленняў рэлігійнасці не толькі ў грамадскім, але нават у асабістым жыцці кожнага чалавека. Аднак гісторыя паказала, што рэлігійнасць датычыць настолькі глыбокіх сфер чалавечага жыцця, што нават ваюючы секулярызм не здольны яе замяніць або знішчыць. Адраджэнне веры на постсавецкай прасторы даказала неўміручасць рэлігіі і тупіковасць секулярызма. І хоць сёння савецкі агрэсіўны секулярызм мы ўспамінаем як трагічную старонку гісторыі беларускага грамадства, то на пачатку ХХІ ст. мы стаім перад пагрозай новай, больш культурнай, але не менш небяспечнай яго формы.

Сучасны еўрапейскі секулярызм на першы погляд выглядае вельмі гуманна і пераканаўча. Аднак яго намаганні поўнасцю выцясніць рэлігію не толькі з публічнага жыцця, але і са свядомасці грамадства вельмі моцна насцярожваюць і ставяць пад пытанне дэкларацыі гуманнасці і свабоды. Бо лозунгамі вольнага грамадства, свабоды сумлення і веравызнання, плюралізма светапоглядаў былі падкупленыя многія еўрапейскія грамадствы. Абвяшчаючы сябе гарантам вольнасці і стабільнасці, ідэолагі сучаснага секулярызма на практыцы імкнуцца атаясаміць рэлігію са зняволеннем, цемрашальствам, перашкодай на шляху прагрэсу. Для рэлігіі адводзіцца месца толькі ў прыватным жыцці чалавека, дома, у касцёле. Аднак на працы, па-за домам і касцёлам забараняецца і праследуецца нават найдрабнейшае праўленне веравызнання. Гэтыя факты ставяць многіх сучасных хрысціянаў перад няпростай дылемай: дакуль можна абмяжоўваць права на свабоду веравызнання? Дзе тая мяжа, за якой пачынаецца ўмяшанне ў справы сумлення?

На гэтыя праблемы звярнуў увагу Папа Бенедыкт XVI падчас свайго візіту ў ЗША ў 2008 годзе. Між іншым Пантыфік казаў: “На найглыбейшым узроўні секулярызм з’яўляецца для Касцёла выклікам, які змушае яго да пацвярджэння і больш актыўнага місіянерства ў свеце і для свету… У гэтай справе найбольшая адказнасць належыць да свецкіх вернікаў…. Належыць прапаведаваць і вывучаць Евангелле як цэласны спосаб жыцця, які дае… практычныя адказы на рэальныя праблемы чалавека. У канечным выніку “дыктатура рэлятывізма” – гэта не што іншае, як пагроза чалавечай свабодзе, узрастанне якой магчымае толькі ў велікадушнасці і вернасці праўдзе”.

Як аднесці гэтыя выказванні Пантыфіка да практыкі нашага штодзённага жыцця ў секулярным грамадстве, пастараемся разабрацца ў нашых наступных перадачах.







All the contents on this site are copyrighted ©.