2011-11-22 08:41:53

Папа развітаўся з Бенінам (Поўны тэкст)


RealAudioMP3 Каля 16.00 Святы Айцец прыбыў у міжнародны аэрапорт “Кардынал Ганцін” у Катану, дзе адбылася цэрымонія развітання. Бэнэдыкт ХVI звярнуўся да прысутных прадстаўнікоў уладаў, касцёльных іерархаў і вернікаў з прамовай.

“Маё Апостальскае падарожжа на афрыканскую зямлю падыходзіць да свайго канца. Я ўдзячны Богу за гэтыя дні, якія правёў з вамі ў радасці дзякуючы вашай гасціннасці. Дзякую Вам, спадар Прэзідэнт, за сардэчныя словы і за вашыя шматлікія намаганні, каб маё прыбыванне ў вашай краіне было прыемным. Дзякую таксама прадстаўнікам розных органаў улады краіны і ўсім валанцёрам за ваш шчодры уклад у поспех гэтага падарожжа. Я не забуду ніколі жыхароў Беніна, які прыняў мяне з цяплынёй і энтузіязмам. Мая ўдзячнасць скіроўваецца таксама да членаў Каталіцкага Касцёла, да шматлікіх старшыняў нацыянальных і рэгіянальных Біскупскіх Канферэнцый, якія прыбылі сюды. Канешне, асаблівым чынам дзякую біскупам Беніна.

Я хацеў зноў наведаць афрыканскі кантынент, да якога маю асаблівую павагу і прыхільнасць, бо перакананы, што гэта зямля надзеі. Аб гэтым я казаў шмат разоў. Сапраўдныя каштоўнасці, якія з’ўляюцца прыкладам для ўсяго свету, знаходзяцца тут і квітнеюць з дапамогай Бога і рашучасцю жыхароў Афрыкі. Паслясінадальная Апостальская адгартацыя “Africae munus” можа вам эфектыўна дапамагаць, бо яна адкрывае перспектывы і цікавыя пастырскія ініцыятывы. Я рэкамендую ўсім вернікам Афрыкі вывучаць яе з увагай і ажыццяўляць у штодзённым жыцці. Кардынал Ганцін, выдатны сын Беніна, веліч якога прызнана да такой ступені, што гэты аэрапорт носіць яго імя, прымаў удзел разам са мной у шматлікіх Сінодах і зрабіў у іх істотны і каштоўны уклад. Няхай ён суправаджае ажыццяўленне ў практыцы гэтага дакумента.

Падчас майго падарожжа я змог сустрэцца са шматлікімі прадстаўнікамі грамадскага жыцця Беніна і з членамі Каталіцкага Касцёла. Гэтыя сустрэчы, такія розныя па сваёй прыродзе, сведчацаць аб магчымасці гарманічнага суіснавання ў межах краіны паміж Касцёлам і дзяржавай. Добрая воля і ўзаемная павага не толькі дапамагаюць у дыялогу, але з’яўляюцца неабходнымі ў пабудове адзінства сярод людзьмі, этнічнымі групамі і народамі. Слова “братэрства” з’яўляецца адным з трох словаў вашага нацыянальнага дэвіза. Жыць па-братэрску, нягледзячы на адрозненні, не з’яўляецца ўтопіяй. Чаму адна з афрыканскіх краін не магла б указаць ўсяму свету шлях да сапраўднага, справядлівага братэрства, заснаванага на сям’і і роўным доступе да працы? Жыхары Афрыкі могуць годна жыць у міры і справядлівасці! Гэта пажаданне, перш чым пакіну Бенін і афрыканскі кантынент, я выказваю з вялікай упэўненасцю і надзеяй

Спадар Прэзідэнт, я яшчэ раз дзякую вам за прыём, а таксама ўсім вашым суайчыннікам, біскупам Беніна і ўсім вернікам краіны. Хачу заклікаць увесь афрыканскі кантынент быць заўсёды “соллю зямлі і святлом свету”. Праз заступніцтва Маці Божай Афрыкі, няхай Бог усіх вас бласгаславіць.

Затым Папа падняўся на борт самалёта і накіраваўся ў Рым. Чакаецца што Пантыфік прыбудзе ў Вечны Горад каля 22.00 па рымскаму часу.








All the contents on this site are copyrighted ©.