2011-11-22 14:04:45

Папа напісаў кнігу для дзяцей


RealAudioMP3 “Марыя. Мама Езуса”, - пад такой назвай у Італіі выйшла ў свет кніга для дзяцей, якая складаецца з фрагментаў прамоў Бэнэдыкта XVI аб жыцці Найсвяцейшай Панны Марыі і асноўных літургічных святах, звязаных з Маці Божай.

У прадмове да выдання арцыбіскуп Міланскі Анджэла Скола, адзначае, што на старонках кнігі Святы Айцец разважае над візантыйскай іконай Панны Марыі, якую называюць Маці Божая Ласкавая. “На ёй маленькі Езус глядзіць на сваю маці, а яна глядзіць на нас так, нібыта моліцца аб міласэрнасці Бога, які сышоў з неба, уцелавіўся і зараз сядзіць у яе на руках”, - цытуе словы Пантыфіка іерарх.

“Чытаючы кнігу Папы, можна даведацца, што мама Езуса хоць і была беззаганна зачатай, заставалася цалкам падобнай да нас: яна перажывала моманты радасці і пакут, шчасця і цяжкасцяў, але заўсёды давярала Богу. І гэта адрознівае і робіць жыццё прыгожым і годным”, - піша Бэнэдыкт XVI.

У кнізе “Марыя. Мама Езуса” прамовы Святога Айца прадстаўлены ў вельмі лёгкай і зразумелай для дзяцей форме. Папа вучыць маладых чытачоў заўсёды памятаць, што сапраўдную радасць прыносяць не рэчы, а Бог; дзякаваць Яму за падарункі, як Марыя дзякавала сваім “Магніфікат”; заставацца мужнымі перад абліччам цемры і быць пакорнымі, просячы прабачэння за правіны.







All the contents on this site are copyrighted ©.