2011-11-22 13:59:29

Епіскапат ЗША заклікаў урад клапаціцца аб свабодзе рэлігіі


RealAudioMP3 Канферэнцыя Біскупаў ЗША заклікала ўрад і Кангрэс краіны клапаціцца і бараніць рэлігійную свабоду ў свеце. Гэты заклік скіраваў старшыня Камісіі “Справядлівасць і Мір” пры амерыканскім епіскапаце, біскуп Рыкардо Рамірэс. Іерарх падкрэсліў, што “рэлігійная свабода, гэта не толькі асабістая свабода ў вызнаванні веры, але таксама гарантыі, якія спрыяюць яе практыванню ў асабістым і публічным жыцці”.

Біскуп Рамірэс падкрэсліў, што рэлігійная свабода не абмяжоўваецца толькі свабодай вызнаваць сваю веру, але ўключае таксама магчымасці для Касцёла і іншых рэлігійных арганізацый аказваць паслугі ў шматлікіх сферах жыцця: адукацыйнай, сацыяльнай і сферы аховы здароўя. “Акрамя таго, трэба дазволіць асобам, якія працуюць на рэлігійнай ніве, і супольнасцям вернікаў прымаць удзел у публічных дэбатах на палітычныя тэмы. Такім чынам, Касцёл унясе свой ўклад у супольнае дабро краіны”, - адзначыў іерарх. Узгадаўшы краіны, дзе рэлігійная свабода не гарантуецца і парушаецца, біскуп Рамірэс заклікаў Сенат ЗША дазволіць Камісіі па справах рэлігійнай свабоды ў свеце, “абмеркаваць сітуацыі, калі рэлігійная свабода стае мэтай атакаў у шматлікіх краінах”.








All the contents on this site are copyrighted ©.