2011-11-21 10:07:00

Кс. Ламбардзі аб візіце Папы ў Бенін


RealAudioMP3 Кс. Фэдэрыко Ламбардзі, кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы адзначыў, што адным з самых кранальных момантаў падарожжа Бэнэдыкта XVI у Бенін была сустрэча з дзецьмі у парафіі св. Рыты ў Катану. “Гэта сустрэча сведчыць аб увазе Папы і Касцёла да будучыні Афрыкі. На Чорным Кантыненце вельмі шмат дзяцей і гэта сведчыць аб тым, што ён будзе мець будучыню, калі клапаціцца аб гэтых чалавечых рэсурсах схаваных ў новым пакаленні з любоўю, пагавай, здольнасцю навучаць”, - сказаў кс. Ламбардзі.

Падводзячы вынікі Апостальскага падарожжа Пантыфіка дырэктар Ватыканскага радыё адзначыў, што Папа звяртаў шмат увагі на адказнасць, якую павінны мець біскупы за кіраўніцтва Касцёлам. “Яго прамова да біскупаў Беніна ўтрымлівала шмат тлумачэнняў аб сэнсе біскупскага служэння”, - адзначыў італьянскі іезуіт.

Кс. Ламбардзі, расказаў, што св. Імша на “Стадыёне сяброўства” прайшла вельмі спакойна, негледзячы на гарачае надвор’е. “Папе вельмі спадабаліся традыцыйныя афрыканскія спевы, выкарыстанне мясцовых моваў падчас літургіі”, - адзначыў кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы і дадаў, што ў гэтай св. Імшы прынялі удзел каля 80 тыс. чалавек, сярод якіх было 1500 святароў, 180 біскупаў, былі прадстаўлены 36 епіскапатаў. У Эўхарыстыі прынялі удзел таксама Прэзідэнт Беніна і былыя кіраўнікі краіны. Акрамя таго літургія трансліравалася ў Рыме на вялікіх экранах устаноўленых на плошчы св. Пятра.

Галоўнай мэтай візіта Папы ў Бенін кс. Ламбардзі назваў жаданне даць надзею і падтрымаць Афрыку. Ён падкрэсліў, што Папа жадае, каб Афрыка паўстала і мела пазітыўнае значэнне для ўсяго чалавецтва. “Калі Святы Айцец гаворыць аб Еўропе і заходнім свеце, ён падкрэслівае рызыку атэізма і секулярызацыі, як згубу вымярэння адносін з Богам, але калі кажа аб Афрыцы, наадварот, заклікае захаваць глыбокую традыцыю рэлігійнага вымярэння, як багацця якое неабходна ачысціць і падараваць іншым кантынентам”, - сказаў кс. Ламбардзі.

Апостальскае падарожжа Бэнэдыкта XVI у Бенін прайшло 18-20 лістапада. Яно было прымеркавана да 150-годдзя евангелізацыі краіны і падпісання Апостальскай адгартацыі “Africae munus”.








All the contents on this site are copyrighted ©.