2011-11-20 12:33:03

Папа перадаў тэкст Апостальскай адгартацыі “Africae Munus” афрыканскім біскупам (Поўны тэкст)


RealAudioMP3 На заканчэнне св. Імшы на “Стадыёне сяброўства” арцыбіскуп Нікола Этэравіч, Генеральны Сакратар Сінода Біскупаў, падзякаваў Папе за падпісанне Апостальскай адгартацыі “Africae Munus”. Затым Бэнэдыкт ХVI, перш чым уручыць яё старшыням ўсіх Біскупскіх Канферэнцый Афрыкі, звярнуўся да іх з кароткай прамовай.

“Падчас гэтай ўрачыстай Літургіі мы падзякавалі Пану за дар правядзення ІІ Спецыяльнай Асамблеі Сінода Біскупаў для Афрыкі, якая адбылася ў кастрычніку 2009 г. на тэму: “Касцёл у Афрыцы у служэнні прымірэнню, справядлівасці і міру: “Вы соль зямлі... вы святло свету” ( Мц. 5,13-14), - сказаў Папа. Дзякую ўсім сінадальным Айцам за іх уклад у працу гэтай сінадальнай Асамблеі. Дзякую таксама Генаральнаму Сакратару Сінода Біскупаў, арцыбіскупу Ніколе Этэравічу за правядзенне гэтага Сінода і за словы, якія ён скіраваў у мой адрас з вашага боку.

Пасля падпісання, Апостальскай адгартацыі “Africae munus” я шчаслівы, што сёння магу яе перадаць ўсім мясцовым Касцёлам, праз вас, старшыняў Біскупскіх Канферэнцый Афрыкі, як нацыянальным так і рэгіянальным, а таксама старшныням Сінодаў Усходніх Каталіцкіх Касцёлаў. Пасля атрымання гэтага дакумента вы пачнеце знаёміцца і прымяняць яго тэалагічны, эклезіялагічны, духоўны і пастырскі змест. Гэты тэкст скіраваны на тое, каб паспрыяць, заахвоціць і кансалідаваць розныя мясцовыя ініцыятывы, якія ўжо існуюць на гэтым кантыненце. Ён будзе таксама натхняць іншыя ініцыятывы Каталіцкага Касцёла ў Афрыцы.

Адной з першых місій Касцёла з’яўляецца абвяшчэнне Езуса Хрыста і яго Евангелля “ad gentes”, гэта значыць весці евангелізацыю сярод тых, хто па той ці іншай прычыне, знаходзіцца далёка ад Касцёла. Я спадзяюся, што гэта адгартацыя будзе вам правадніком у абвяшчэнні Добрай Навіны пра Езуса ў Афрыцы. Гэта не проста пасланне ці слова. Гэта, перш за ўсё, адкрыццё на Асобу і на прыняцце Яе: Езуса Хрыста, Уцелаўлёнага Слова. Толькі Ён мае словы Жыцця Вечнага (Ян 6,68)! Па прыкладу Хрыста ўсе хрысціяне пакліканы сведчыць аб міласэрнасці Айца і аб святле Святога Духа. Евангелізацыя мае на ўвазе і ўключае ў сябе таксама прымірэнне і спрыянне міру і справядлівасці ў свеце.

Паважаны Касцёл у Афрыцы, будзь заўсёды соллю зямлі, той зямлі, якую Езус Хрыстус благаславіў сваёй прысутнасцю, калі тут знайшоў прытулак. Будзь соллю афрыканскай зямлі, акропленай крывёй шматлікіх мучанікаў, мужчын, жанчын і дзяцей, сведкаў хрысціянскай веры аж да найвышэйшай ахвяры свайго жыцця. Будзь святлом свету, святлом Афрыкі, якая часта праз выпрабаванні, шукае шляхоў міру і справядлівасці для ўсіх сваіх жыхароў. Тваім святлом з’яўляецца Езус Хрыстус, “Святло свету” (Ян 8,12). Няхай Пан благаславіць цябе, дарагая Афрыка!”

Пасля прамовы Святы Айцец урачыста перадаў тэкст Апостальскай адгартацыі старшыням афрыканскіх епіскапатаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.