2011-11-18 12:34:31

ПАСЕ крытыкуе егіпецкія ўлады за неабароненасць хрысціян


RealAudioMP3 Камітэт ПАСЕ па палітычных пытаннях выступіў з крытыкай егіпецкіх уладаў у сувязі з напружанай міжрэлігійнай сітуацыяй у іх краіне. “Мы заклікаем егіпецкія ўлады і асаблівым чынам Вярхоўны савет узброеных сіл эфектыўна забяспечыць абарону копцкіх супольнасцяў, расследаваць падзеі 9 кастрычніка 2011 г. і прыцягнуць да адказнасці вінаватых у насіллі з тым, каб забяспечыць мірныя ўмовы для маючых адбыцца выбараў”, - гаворыцца ў заяве камітэта.

Аўтары дакумента нагадалі, што ў першы дзень 2011 г. тэракт у копцкім храме ў Александрыі забраў жыцці 21 чалавека, параніў 79 чалавек, і ў ПАСЕ спадзяваліся, што “пасля паспяхова завершанай рэвалюцыі ў Егіпце падобныя трагедыі не паўторацца”.

“На жаль, у нядзелю, 9 кастрычніка, мірная копцкая дэманстрацыя ў Каіры па невядомых прычынах вылілася ў сутыкненні з арміяй і галаварэзамі, апранутымі ў цывільнае, што прывяло да смерці 25 чалавек, сярод якіх большасць складалі Копты, і раненняў у каля 300 чалавек”, - сказана ў заяве.

Як падкрэсліў камітэт, гэта насілле “абсалютна не дапушчальна, і першыя заявы егіпецкіх уладаў, і іх наступная бяздзейнасць не ў стане пераканаць, што яны сапраўды здольныя эфектыўна супрацьстаяць нарастаючай міжрэлігійнай варожасці”.

“Егіпецкія ўлады павінны пачаць працэс першых і свабодных выбараў у тэрмін два тыдні, але дэмакратычныя выбары не могуць праходзіць у сітуацыі рэлігійнай нянавісці”, - адзначылі аўтары заявы, апублікаванай 17 лістапада.







All the contents on this site are copyrighted ©.