2011-11-18 17:06:16

Папа ў катэдры Катану: "Божая міласэрнасць – гэта не проста прабачэнне нашых грахоў" (Поўны тэкст)


RealAudioMP3 Пасля цырымоніі прывітання ў аэрапорце сталіцы Беніна, картэж са Святым Айцом накіраваўся ў размешчаны каля 12 км ад яго катэдральны касцёл Маці Божай Міласэрнасці, дзе Папу чакалі вернікі сталіцы Беніна. Набажэнства, якое ўзначаліў Пантыфік, пачалося ўрачыстым гімнам “Te Deum” (“Цябе Бога праслаўляем”) і прывітаннем, якое скіраваў да Святога Айца Арцыбіскуп Катану Антуан Ганье. Затым са сваімі словамі да сабраных звярнуўся Бэнэдыкт XVI.

“Старажытны гімн “Te Deum”, які мы толькі што спявалі, - сказаў Папа - выражае нашу хвалу Трыадзінаму Богу, які аб’ядноўвае нас у гэтым прыгожым катэдральным касцёле Маці Божай Міласэрнасці. Мы аддаём даніну ўдзячнасці былым арцыбіскупам гэтай катэдры: Хрыстофу Адіму і Ісідору дэ Суза. Яны былі адважнымі работнікамі ў Вінаградніку Пана і памяць пра іх назаўсёды застаецца жывой ў сэрцах католікаў і народа Беніна. Гэтыя два іерархі былі, кожны па-свойму, пастырамі поўнымі запалу і міласэрнасці. Поўнасцю аддалі сябе служэнню Евангеллю і Божаму народу, асаблівым чынам найбольш церпячым слаям грамадства. Усім вам вядома, што арцыбіскуп дэ Суза быў сябрам праўды і адыграў ключавую ролю ў пераходзе да дэмакратыі ў вашай краіне.

У той час як мы праслаўляем Пана за цуды, якія безупынна дае чалавецтву, запрашаю вас на момант паразважаць аб Яго бясконцай міласэрнасці. Гэта катэдра ўласцівае месца для такіх разважанняў. Гісторыя збаўлення, кульмінацыяй якой з’яўляецца Уцелаўленне Езуса, знаходзіць сваю поўню ў Пасхальнай таямніцы. Яна з’яўляецца выдатным адкрыццём Божай міласэрнасці. У Сыне стаў бачны “міласэрны Айцец” (2 Кар. 1,3), які заўсёды верны свайму айцоўству, “здольны пахіліцца над кожным блудным сынам, над кожнай чалавечай галечай і перш за ўсё, над кожнай маральнай галечай, грахом” (Ян Павел ІІ, Энц. “Dives in misericordia”. 6). Божая міласэрнасць – гэта не проста прабачэнне нашых грахоў: яна заключаецца ў факце, што Бог, наш Пан, вядзе нас, часта з болем, гаротай і страхамі, па шляху праўды і святла, бо не хоча нас згубіць (Мц 18,14; Ян 3, 16). Гэта падвойная праява Божай міласэрнасці сведчыць аб тым, насколькі Бог верны запавету, які быў заключаны з кожным хрысціянінам падчас сакрамэнту хросту. Перачытваючы гісторыю кожнага чалавека і евангелізацыі нашых краін, мы можам разам з псальмістам сказаць: “Буду на векі славіць праўду Пана”. (Пс 89(88), 2).

Панна Марыя адчула на найвышэйшым узроўні таямніцу Божай любові: “Міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне для тых, хто Яго баяцца” (Лк 1, 50), усклікае яна ў сваім “Магніфікаце”. Праз сваё “Так” на заклік Пана, яна ўнесла ўклад у праяўленне Божай любові паміж людзьмі. У гэтым сэнсе яна з’ўяляецца Маці Міласэрнасці для ўдзелу ў місіі свайго Сына: атрымала прывілей дапамагаць нам заўсёды і ўсюды. “Яна праз сваё разнастайнае заступніцтва няспынна выпрошвае для нас дары вечнага збаўлення. Дзякуючы сваёй мацярынскай любові яна апякуецца братамі свайго Сына, якія яшчэ пілігрымуюць у працы і небяспеках, пакуль не будуць прыведзены да айчыны шчасця” ( Lumen gentium, 62). Пад аховай яе міласэрнасці параненыя сэрцы аздараўляюцца, дзеянне д’ябла знішчаецца і ворагі мірацца паміж сабой. У Марыі маем не толькі ўзор дасканаласці, але таксама дапамогу ў наладжванні адносін з Панам і нашымі братамі і сёстрамі. Маці Міласэрнасці з’яўляецца ўпэўненым правадніком вучняў свайго Сына, якія жадаюць служыць справядлівасці, прымірэнню і міру. Яна нам паказвае з прастатой і матчыным сэрцам адзінае Святло і адзіную Праўду: свайго Сына, Езуса Хрыста, які вядзе чалавецтва да поўнай рэалізацыі ў сваім Айцы. Мы не баімся прасіць дапамогі ў той, якая не спыняе даваць сваім сынам Божыя ласкі:

Маці Міласэрная,
Мы цябе вітаем, Маці Адкупіцеля;
Цябе вітаем, слаўная Панна;
Цябе вітаем, наша Каралева!
Каралева надзеі, пакажы нам аблічча твайго Боскага Сына;
Вядзі нас дарогамі святасці;
Дай нам радасць тых, хто ўмее сказаць “Так” Пану!
Каралева Міру,
Пачуй высакародныя імкненні моладзі Афрыкі;
Пачуй голас сэрцаў, якія прагнуць справядлівасці, міру і прымірэння;
Пачуй надзеі дзяцей, ахвяраў голаду і вайны!
Каралева справядлівасці,
Дай нам сыноўнюю і братэрскую любоў;
Дай нам быць сябрамі бедных і малых;
Дай народам зямлі дух братэрства!
Наша Маці Афрыкі,
Выпрасі ў твайго Боскага Сына дар аздараўлення для хворых, суцяшэння для прыгнечаных, прабачэння для грэшнікаў;
Заступайся за Афрыку ў свайго Боскага Сына;
Дай усяму чалавецтву збаўленне і мір! Амэн”.

Пасля заканчэння набажэнства ў сталічнай катэдры, Святы Айцец скіраваўся ў будынак Апостальскай нунцыятуры ў Беніне, якая стане яго рэзідэнцыяй падчас візіту ў краіну.








All the contents on this site are copyrighted ©.