2011-11-17 16:03:05

Ватыкан: Касцёл у Беларусі адраджаўся часта пры падтрымцы Праваслаўнай Царквы


RealAudioMP3 Папская рада спрыяння хрысціянскаму адзінству апублікавала спецыяльнае паведамленне ў сувязі з заканчэннем візіта ў Беларусь кардынала Курта Коха, старшыні гэтай ватыканскай дыкастэрыі.

У дакуменце адзначаецца, што іерарх прыбываў у Мінску па запрашэнні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, для ўдзелу ў канферэнцыі пад назвай “Праваслаўна-каталіцкі дыялог: хрысціянскія этычныя каштоўнасці як уклад у сацыяльнае жыццё Еўропы”. Падкрэсліваецца, што кардынал быў “цёпла і па-братэрску прыняты Мітрапалітам Філарэтам”.

“Агульная атмасфера падчас сімпозіўма ў якім прымаў удзел кардынал Кох, выклікала жаданне працягваць і паглыбляць дыялог на супольная тэмы і супрацоўнічаць для спрыяння і абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў у Еўропе”, - гаворыцца ў дакуменце.

Акрамя таго, адзначаецца, што ватыканскі іерарх меў магчымасць сустрэцца з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнка, а таксама Міністрам замежных спраў Беларусі і паслом Беларусі пры Апостальскай Сталіцы, для таго, каб абмеркаваць некаторыя пытанні і супольныя праекты.

“Візіт старшыні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству ў Беларусь паказаў некаторыя вельмі каштоўныя рысы: Каталіцкі Касцёл змог аднавіцца і рэарганізавацца пасля падзення Савецкага Саюза і гэта адбылося ў гармоніі і часта пры падрымцы Праваслаўнай Царквы і дзяржаўных уладаў”, - гаворыцца ў паведамленні. Акрамя таго, адзначаецца, што “Дух экуменічнага братэрства, у краіне, якая была другой пасля Літвы па колькасці католікаў у Савецкім Саюзе, з часам умацаваўся і стаў штодзённай рэальнасцю і мадэллю для наследвання”.








All the contents on this site are copyrighted ©.