2011-11-16 15:54:06

“Зброя святла”. Устаньце, падперазаўшы сцёгны праўдай (ІІ)


RealAudioMP3 Мы працягваем разважанні аб “Зброі святла”, у якіх нам дапамагаюць катэхезы падрыхтаваныя спецыяльна для нашага радыё італьянскім святаром, біблістам і вядомым катэхетам кс. Фабіо Росіні. Нагадаю, што мы размаўляем аб вельмі незвычайнай “зброі”, аб якой апостал Павел кажа ў апошнім раздзеле свайго паслання да Эфесцаў. Гэтай зброяй неабходна валодаць кожнаму ахрышчанаму для таго, каб прыняць удзел ва ўнутранай, нябачнай бітве з сіламі зла, якія пастаянна атакуюць чалавека.

Ітак. У мінулай праграме, мы пачалі разважаць аб словах апостала Паўла, які заклікае: “Устаньце, падперазаўшы сцёгны свае праўдаю”. Мы ўбачылі, што устаць, падняцца азначае прыняць выклік, заняць зручную пазіцыю. Устаць, азначае прачнуцца, рэальна паглядзець на рэчы, і быць гатовым да дзеянняў. Таксама да пэўнай гатоўнасці, заклікаюць словы апостала “падперазаць сцёгны”. Мы ўбачылі, што чалавек падперазаны, гэта чалавек гатовы імгенна выйсці з дому, накіравацца ў падарожжа.

Давайце ўзгадаем аб Пасхальнай гісторыі, апісанай у Бібліі. У 12 раздзеле кнігі Зыходу ёсць апісанне таго, як трэба святкаваць Пасху. Ітак. У ноч перад Пасхай, яўрэі збіраліся ўсёй сям’ёй, каб з’есці пасхальнае ягня. Далей ідуць словы: “Ешце яго так: няхай вашыя сцёгны будуць падперазаныя, абутак будзе на нагах і посахі будуць у руках вашых”. Гэта азначае, што прысутнічае ўказанне на тое, што яўрэі павінны былі быць гатовымі вырушыць. Так мы ўпоўні бачым значэнне словаў “паўстаць, падперазаўшы сцёгны” – гэта азначае падрыхтавацца да таго, што надыходзяць перамены. Калі ўзгадаем біблійную гісторыю, гэтыя словы нам кажуць аб тым, што перамены прыносіць Бог. Аздзначым, таксама што і само слова “Пасха” на старажытнаяўрэйскай мове азначае перамены, “пераход” – пераход з рабства да свабоды.

У іншым фрагменце, які прааналізуем, мы ўбачым сувязь, якая існуе паміж пасам, падперазаннем і праўдай. У І раздзеле свайго Першага паслання апостал Пётр удакладняе значэнне падперазання. “Падперазаўшы сцёгны розуму вашага, чувайце і моцна спадзявайцеся на ласку, якая будзе прынесена вам у аб’яўленні Езуса Хрыста”, - кажа святы.

Апостал указвае, на неабходнасць усім нашым розумам сканцэнтравацца на важных рэчах. Падперэзаць розум – азначае быць гатовымі да праўды, праўдзіва паглядзець на рэчы. Але праўдай чалавек не валодае сам па сабе. Праўду неабходна пазнаць, г.зн., пачаць нейкі шлях, разважанне. Неабходна перажыць Пасху, “пераход”, каб дасягнуць праўды. Гэта значыць перажыць перамену, змяніць свае думкі і пачаць думаць іншым чынам. Адкрыць больш вялікую праўду. Праўда, у грэцкай мове азначае, “адкрыццё таго, што схавана”. Яна заўсёды знаходзіцца крыху ў баку ад нашага першага ўражання.

Ітак. Быць падперазаным праўдай, азначае быць гатовым выйсці за рамкі таго, як я думаю зараз. Гэта сапраўднае навяртанне. Па-першае чалавек не можа быць шчаслівым, калі з дапамогай Бога не зможа змяніць сваё разуменне многіх рэчаў. Па-другое, для пачатку нашага росту важна зразумець, што існуе нешта большае за нас, існуе больш вялікая праўда. Неабходна дазволіць ісці насустрач новай праўдзе, ісці насустрач таму, аб чым нават не думаю. Св. Ян ад Крыжа казаў: “Каб прыйсці туды, дзе яшчэ не быў, трэба прайсці праз тое, дзе не быў”. Часта, неабходна пакінуць нашу ўпэўненасць, стабільнасць, стан бяспекі. Быць гатовым па-новаму паглядзець на рэчы. Гэтага патрабуе наша вера – ісці да чагосці новага, каб убачыць план Бога адносна мяне.

Што значыць быць святаром? Аб гэтым трэба думаць кожны дзень. Якая мая роля ў сужэнстве? Неабходна кожны дзень, у кожнай сітуацыі задавацца гэтым пытаннем. Думаючы аб гэтым мы заўсёды расцём. Таму, неабходна мець “падперазаныя сцёгны”, каб быць гатовым, давяраючы Богу выйсці насустрач новай праўдзе, па-новаму ацаніць рэальнасць і сягаць у глыбіню рэчаў, а не прывязвацца да таго, што ведаем зараз.








All the contents on this site are copyrighted ©.