2011-11-16 15:42:52

Нямецкі эксперт: наўрад ці ў бліжэйшы час Бэнэдыкт ХVI наведае Беларусь


RealAudioMP3 Прафесар Ёганэс Элдэман, нямецкі тэолаг і эксперт па Усходніх Цэрквах лічыць, што сустрэча Бэнэдыкта ХVI і Патрыярха Маскоўскага Кірыла ў бліжэйшы час немагчыма. У інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву “KNA” навуковец звярнуў увагу на тое, што міжнародная праваслаўна-каталіцкая камісія па тэалагічным дыялогу на дадзены момант стаіць перад “цяжкім выклікам дамовіцца аб будучыні і форме самаго дыялогу”.

На думку Элдэмана перад Маскоўскім Патрыярхатам стаіць “шмат невырашаных праблем унутры самага праваслаўя, глыбокія расколы ўнутры Праваслаўнай Царквы на Украіне і юрыдычныя спрэчкі з іншымі Цэрквамі, асабліва з Канстантынопальскім Патрыярхатам”.

Важнай з’яўляецца таксама роля і месца Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Паводле нямецкага эксперта тут з’явіліся спрыяльныя ўмовы для распачацця дыялога. Пацвярджэннем гэтага з’яўляецца гатоўнасць Мітрапаліта Іларыёна, старшыні Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхата, сустрэцца з Вярхоўным Архіепіскапам Кіева-Галіцкім Святаславам Шаўчуком.

Нямецкі эксперт адзначыў, што наўрад ці ў бліжэйшы час Бэнэдыкт ХVI наведае Беларусь па прычыне напружанай палітычнай сітуацыі. Хоць запрашэнне, накіраванае Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, падтрымаў праваслаўны Мітрапаліт Філарэт. На думку тэолага, адносіны паміж гэтымі двума веравызнаннямі ў Беларусі “вельмі пазітыўныя”.

Прафесар Элдэман быў адным з удзельнікаў міжнароднай канферэнцыі на тэму каталіцка-праваслаўнага дыялога, якая закончылася 15 лістапада ў Мінску.







All the contents on this site are copyrighted ©.