2011-11-14 14:31:50

ЗША: епіскапат паразмаўляе аб новых выкліках


RealAudioMP3 14-16 лістапада ў Балціморы праходзіць пасяджэнне Канферэнцыі Біскупаў ЗША, якое ўпершыню ўзначальвае новы старшыня епіскапата арцыбіскуп Нью-Ёрка Цімаці Долан. Чакаецца, што ўдзел у сустрэчы прыме таксама новы Апостальскі нунцый у краіне арцыбіскуп Карло Марыя Вігано.

Іерархі паразважаюць аб стане Каталіцкага Касцёла ў ЗША і выкліках, на якія трэба знайсці адказы ў будучыні. Біскупы правядуць галасаванне адносна прапановы аб змене складу працоўнай групы па пытаннях медыцынскай дапамогі пры спецыяльнай камісіі створанай пры епіскапаце і абмяркуюць праблемы звязаныя з парушэннямі рэлігійнай свабоды. Акрамя таго, амерыканскія біскупы правядуць галасаванне адносна новага дакумента, якім будзе рэгуліравацца збор ахвяраванняў у дыяцэзіях.

Члены епіскапата абмяркуюць таксама пытанне ўключэння ў літургічны каляндар успамінаў бл. Марыяны Коўп і бл. Яна Паўла ІІ, пазнаёмяцца са справаздачай Камісіі па справах свецкіх, сужэнства і сям’і, праслухаюць даклад кардынала Даніэля дэ Нардо, аб новай ініцыятыве пад назвай “Праект Рахель”, які ўключае ў сябе псіхалагічную, пастырскую і медыцынскую дапамогу жанчынам, што здзейснілі аборт. Кардынал Дональд Вурл прачытае даклад аб Апостальскай Канстытуцыі Бэнэдыкта XVI “Anglicanorum coetibus” – адказе Святога Пасаду групе англікан, якія пажадалі вярнуцца да поўнага адзінства з Каталіцкім Касцёлам.

Амерыканскія біскупы правядуць выбары новага сакратара епіскапата і старшынь камісій.








All the contents on this site are copyrighted ©.