2011-11-14 13:10:38

В’етнам: ватыканcкая жандармерыя на асамблеі Інтэрпола


RealAudioMP3 На 80-й Генеральнай Асамблеі Інтэрпола ў В'етнаме прысутнічала афіцыйная дэлегацыя з Ватыкана, якую прадстаўляла яго жандармерыя. Сярод паліцэйскіх і супрацоўнікаў службаў бяспекі са 189 краін прысутнічалі камендант Даменік Джані і тры іншыя супрацоўнікі ватыканскай жандармерыі. На сустрэчы абмяркоўваліся пытанні барацьбы з тэрарызмам, піша “L'Osservatore Romano”.

Форум у Ханоі пачаўся 31 кастрычніка пад лозунгам “Разам за бяспечны свет”. Удзельнікі абмеркавалі тэмы нацыянальнага і міжнароднага тэрарызму, арганізаванай злачыннасці, марскога пірацтва, гандлю людзьмі і кіберзлачыннасці.

Прадстаўнікі Ватыкана, як паведамляе “Osservatore”, займалі месца ў канферэнц-зале побач з дэлегацыяй Сацыялістычнай Рэспублікі В'етнам; паміж двума бакамі існавала “цёплая атмасфера” працы. У рамках канферэнцыі адбылося таксама некалькі двухбаковых сустрэч. Ватыканская дэлегацыя правяла размовы з калегамі з Беніна і іншых краін Заходняй Афрыкі з улікам маючага адбыцца на гэтым тыдні візіту Папы ў Катану.

Акрамя таго, прайшла сустрэча з дэлегацыяй з Бразіліі, куды ў 2013 г. накіруецца Папа для ўдзелу ў Рыа-дэ-Жанейра ў Сусветных днях моладзі. Ватыканскія жандармы наведалі таксама арцыбіскупа Ханоя П’ера Нгуена Ван Нхона, і прынялі ўдзел у св. Імшы ў катэдры св. Юзэфа. Наступная канферэнцыя Інтэрпола пройдзе ў 2012 г. у Італіі.







All the contents on this site are copyrighted ©.