2011-11-12 13:03:58

“Octava Dies”. Крызіс і бескарыслівасць


RealAudioMP3 Кс. Фэдэрыко Ламбардзі звярнуў увагу на тэму бескарыслівасці, каштоўнасць якой узрасла падчас крызісу. Эканамічныя праблемы, што абрынуліся на Еўропу, выклікаючы напружанасць і няўпэненасць, прымусілі палітыкаў і эканамістаў шукаць выхад са складанай сітуацыі. На думку дырэктара Ватыканскага радыё шмат адказаў можна знайсці, між іншым, у прамове Папы да моладзі, сабранай у Рыме з нагоды Еўрапейскага году валантарыята. Гаворка ідзе пра бескарыслівасць, гэта значыць, жаданне жыць не толькі дзеля таго, каб браць, але таксама дзеля таго, каб даваць.

Кс. Ламбардзі нагадвае, што важнасць бескарыслівасці падкрэсліў у сваёй апошняй энцыкліцы і Святы Айцец. “Не існуе рынку бескарыслівасці, а бескарыслівыя адносіны немагчыма змясціць у рамкі закону. - напісаў Папа - Але як рынак, так і палітыка маюць патрэбу ў людзях гатовых ахвяраваць сябе іншым. Бо для сапраўднай справялівасці неабходны бескарыслівасць і салідарнасць”. На думку Пантыфіка, трэба выходзіць па-за межы логікі, якая ўсё узважвае і імкнецца да адзінай мэты, якой з’яўляецца выключна карысць для сябе.

Цытуючы Святога Айца, кс. Ламбардзі падкрэслівае, што ёсць ісціны, заснаваныя на лепшых узорах штодзённага жыцця, пачынаючы ад адносінаў у сям’і. Папа нагадаў валанцёрам словы Езуса: “Дарма атрымалі, дарма давайце!”(Мц 10,8). Сваю штотыднёвую рубрыку “Octava Dies” дырэктар Ватыканскага радыё завяршае сцвярджэннем, што ўсе свабодныя людзі, якія клапоцяцца адно аб адным і сведчаць узаемную павагу і любоў, будуюць свае адносіны па-за разлікамі. На думку кс. Фэдэрыко Ламбардзі, менавіта так можна аднавіць узаемны давер паміж людзьмі і народамі.







All the contents on this site are copyrighted ©.