2011-11-12 14:26:22

Аўстрыйскія біскупы аб будучым благаслаўлёным кс. Карле Ламперце


RealAudioMP3 13 лістапада ў аўстрыйскім Дорнбірне адбудзецца св. Імша, падчас якой пройдзе абрад беатыфікацыі Карла Ламперта, святара і мучаніка, забітага ў 1944 г. нацыстамі. З гэтай нагоды аўстрыйскія біскупы ў інтэрв’ю агенству “Kathpress” расказалі аб актуальнасці хрысціянскага сведчання Слугі Божага і важнасці яго прыкладу для сучасных людзей.

“Кс. Ламперт, быў біскупскім провікарыем тырольскай часткі Апостальскай Адміністратуры Інсбурк-Фельдкірх і чалавекам глыбокай веры”, - расказаў Біскуп Інсбрукскі Манфрэд Шоер. Гаворачы аб будучым благаслаўлёным, іерарх адзначыў, што падчас ІІ Сусветнай вайны, ён заўсёды быў голасам самых слабых і безабаронных. “Ён быў абаронцам законнасці і мужнай пазіцыі Касцёла. Таксама і сёння людзі павінны выбіраць паміж законам і беззаконнем, паміж чалавечай ці варварскай пазіцыяй. Сёння, хоць пад іншымі імёнамі і ў іншых умовах, таксама трэба выбіраць паміж службай Богу і бажкам”, - сказаў біскуп Шоер.

Біскуп Фельдкірхскі Эльмар Фішэр, выказаў надзею, што будучы благаслаўлёны стане прыкладам хрысціянскага жыцця для моладзі. “Ламперт жыў як сапраўдны хрысціянін: не як частка безвольнай масы, але баронячы свой выбар”, - сказаў біскуп Фішэр.

Кс. Карл Ламперт, актыўна займаючыся душпастрыскай дзейнасцю і абаронай пераследаваных нацыстамі грамадзян, уступіў у канфлікт з мясцовымі гітлераўскімі ўладамі. Святар адмовіўся размясціць свастыку ў святынях і на касцёльных будынках і скіраваў ліст у нунцыятуру, у якім паскардзіўся на тое, што нацысты ўмешваюцца ва ўнутраныя справы Касцёла. За гэта кс. Ламперт быў арыштаваны і скіраваны ў канцлагер у Дахаў, а пасля вызвалення адтуль заставаўся пад кантролем гестапа. У 1944 г. будучы благаслаўлёны быў паўторна арыштаваны і пасля катаванняў растраляны.








All the contents on this site are copyrighted ©.