2011-11-12 14:02:32

Албанія: сустрэча ў рамках “Падворка язычнікаў”


RealAudioMP3 14-16 лістапада ў сталіцы Албаніі Тыране пройдзе чарговая сустрэча у рамках ініцыятывы “Падворак язычнікаў”, арганізатарам якой з’яўляецца Папская рада па культуры. Галоўнай тэмай мерапрыемства будзе пытанне “У што верыць няверуючы?”.

Першы дзень форума прысвечаны дыскусіі ў трох тэматычных групах аб годнасці працы і асабістай рэалізацыі, веры і маральным выбары, ідэнтычнасці і годнасці асобы, якая знаходзіцца ў цэнтры інфармацыйных патокаў.

15 лістапада ўдзельнікі “Падворку язычнікаў” сустрэнуцца з праваслаўным архіепіскапам Тыраны Анастасам і наведаюць Тыранскі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе пройдзе канферэнцыя на тэму “Веруючыя і неверуючыя перад выклікамі постмадэрнісцкага грамадства”. Тут з дакладамі выступяць кардынал Джанфранка Равазі, старшыня Папскай рады па культуры, і шматлікія выкладчыкі і дыпламаты. Удзельнікі форума сустрэнуцца з Прэзідэнтам Албаніі Бамірам Топі.

Ініцыятарам “Падворку язычнікаў” з’яўляецца папа Бэнэдыкт XVI. Яго мэта – паспрыяць развіццю дыялога паміж веруючымі і няверуючымі, узаемнай павазе і абароне годнасці чалавека. У ініцыятыву ўключаны шматлікія ўніверсітэты, даследчыя цэнтры і міжнародныя арганізацыі. Першая сустрэча “Падворку язычнікаў” прайшла 24 сакавіка 2011 г. у Парыжы. На працягу гэтага года спатканні ў рамках ініцыятывы праходзілі таксама ў Бухарэсце і Фларэнцыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.