2011-11-11 11:38:17

Патрыярх Кірыл: паляпшаюцца праваслаўна-каталіцкія адносіны


RealAudioMP3 Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл адзначыў станоўчую дынаміку ў развіцці адносін паміж праваслаўнымі і грэка-католікамі на Украіне. Іерарх падкрэсліў, што “пакуль канфлікт застаецца не да канца вырашаным, аднак неабходна канстатаваць паляпшэнне адносін”.

Выступаючы перад слухачамі курсаў Дыпламатычнай акадэміі МЗС Расіі, кіраўнік Рускай Праваслаўнай Царквы падкрэсліў, што ўвогуле ў развіцці праваслаўна-каталіцкага дыялога назіраецца станоўчая дынаміка на працягу апошніх 5 гадоў, паведамляе агенства “Інтерфакс”.

На думку Патрыярха Кірыла, “для абедзвюх Цэркваў з’яўляецца відавочнай неабходнасць аб’яднання намаганняў у супрацьстаянні выклікам сучаснага грамадскага жыцця: працэсам ліберальнай сэкулярызацыі, глабалізацыі, крызісу сямейных каштоўнасцяў і нормаў традыцыйнай маралі. Іерарх падкрэсліў важнасць супольнай дзейнасці ў справе “абароны традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў на платформах ўплывовых міжнародных інстытутаў: ААН, Рады Еўропы, АБСЕ, структур Еўрасаюза."

Пытанне прымата Папы Патрыярх Кірыл назваў цэнтральным у развіцці тэалагічнага дыялога паміж праваслаўнымі і католікамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.