2011-11-10 18:03:52

Мітрапаліт Кандрусевіч: неабходна аднавіць традыцыю валантарыята


RealAudioMP3 10 лістапада, у рамках абвешчанага Еўрапейскім Саюзам Года валантарыята, у Рыме пачаўся форум прадстаўнікоў валанцёрскіх еўрапейскіх арганізацый. На мерапрыемства, арганізатарам якога з’яўляецца Папская рада “Сor unum”, былі запрошаны таксама прадстаўнікі епіскапатаў Еўрапейскіх краін. У форуме прымае ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які расказаў нам аб тых праблемах, якія будуць абмяркоўвацца на мерапрыемстве.

Ваша Экцэленцыя, раскажыце калі ласка, якія пытанні будуць у цэнтры ўвагі удзельнікаў сённяшняга форума арганізаванага Папскай радай “Cor unum”?

Гэты форум будзе прысвечаны менавіта служэнню валанцёраў. Сёння ўсім зразумела, што мала служыць людзям толькі працуючы афіцыйна. Паўсюль існуе патрэба ў людзях, якія змогуць дапамагаць патрабуючым прысвячаючы 15 хвілін, гадзіну ці нават цэлы дзень. У гэтым кантэксце Касцёл у Беларусі павінен многаму навучыцца, бяручы прыклад з Касцёла на Захадзе, напрыклад у Італіі. Я многа бываю ў італьянскіх дыяцэзіях, парафіях і бачу, як шмат валанцёраў прыходзіць кожны дзень, каб дапамагаць бедным і патрабуючым людзям. Аднаму трэба прынесці лекі, іншаму трэба дапамагчы прыбраць памяшканне ці проста пагуляць з хворым чалавекам. Служачы такім чынам, мы не толькі служым людзям, але таксама сустракаемся з жывым Езусам Хрыстом, які сам сказаў, што прыходзіць да нас у хворых і пакутуючых.

Нямецкі кардынал Паўль Кордэс напісаў кнігу ў якой сказаў, што людзі, якія дапамагаюць іншым не падаюць з неба. Менавіта так гэта кніга называецца. Яна мяне вельмі зацікавіла, бо ў ёй гаворыцца аб тым, што людзей трэба выхаваць – яны павінны выйсці з асяродзя ў якім яны дапамагаюць. Таму павінен быць не толькі старшыня “Caritas”, сакратар, мэнэджэры, але павінны быць таксама валанцёры. Без валанцёраў “Caritas” не будзе працаваць так, як ён павінен працаваць.

Аб тым, што гэта сустрэча вельмі важная гаворыць той факт, што заўтра ў базыліцы св. Пятра для яго ўдзельнікаў будзе цэлебравацца спецыяльная св. Імша, якую узначаліць харвацкі кардынал Базаніч. Акрамя таго, Бэнэдыкт XVI сустрэнецца з удзельнікамі гэтага форума. Гэта кажа аб важнасці праблемы, якая будзе абмяркоўвацца на гэтай сустрэчы.

Ваша Эксцэленцыя, а з якімі праблемамі сустракаецца сёння Каталіцкі Касцёл у Беларусі ў сферы дабрачыннай дзейнасці?

Трэба адразу сказаць, што ў Беларусі Касцёл пераследваўся на працягу 70-ці гадоў. Традыцыя валанцёрскага служэння была перапыненна. Хоць яно пачало асабліва развівацца ў свеце пасля ІІ Ватыканскага Сабора.

Іншая праблема звязана з тым, што людзі ў Беларусі не вельмі багатыя і чалавеку для таго, каб пражыць, каб пракарміць сям’ю, часам неабходна працаваць не на адной, а на двух працах і ён не мае шмат вольнага часу.

З іншага боку не існуе пэўнай традыцыі, якую трэба выпрацаваць і якая можа толькі пачынае выпрацоўвацца. Гаворачы аб дабрачынных арганізацыях мы бачым, што нам заўсёды дапамагаюць спонсары з Германіі, Італіі, мы прызвычаіліся чакаць, што нейкі “дзядзя Сэм” нам будзе дапамагаць. Нам дапамагаюць і трэба падзякаваць тым, хто гэта робіць, аднак мы ведаем, што гэта не з’яўляецца шляхам для развіцця дабрачыннасці. Павінны з’явіцца свае спонсары.

Мы кажам, што Беларусь не вельмі багатая краіна, але ёсць і багатыя людзі. Калі праехаць вакол Мінска, Гродна ці іншых гарадоў мы ўбачым, якія дамы людзі будуюць. Відавочна, што яны не каштуюць 10 тыс. долараў, але значна больш. У пэўным сэнсе Бог благаславіў такіх людзей, але неабходна, каб чалавек адчуваў патрэбу падзяліцца тым, што мае з іншымі, патрабуючымі, тымі, хто магчыма не мае чым уцяпліць свой дом, не мае ежы і г.д. Таму, акрамя валанцёраў неабходна выхоўваць нашых спонсараў. Неабходна, каб яны адчувалі адказнасць за Касцёл і памяталі аб тым, што ў Касцёле шмат бедных.

Яшчэ адна патрэба заключаецца ў неабходнасці падрыхтоўкі мэнэджэраў, людзей, якія маглі б пісаць праекты, ведалі б як шукаць сродкі на правядзенне эфектыўнай дабрачыннай дзенасці.

Трэба адзначыць, што адной з праблем развіцця дабрачыннай дзейнасці ў Беларусі з’яўляецца яе слабая прысутнасць на парафіяльным узроўні. Структура даволі простая – “Caritas” нацыянальны, дыяцэзіяльны і парафіяльны. Евангелізацыя адбываецца не ў курыі, але на парафіях, таксама і ў гэтым выпадку – парафія знаходзіцца найбліжэй да патрабуючых людзей. Пробашч, святары, сёстры законныя лепш ведаюць патрэбы чалавека. Я заўсёды звяртаю ўвагу нашага нацыянальнага і дыяцэзіяльных “Caritas” на тое, што мы павінны працаваць у гэтым напрамку.

Дзякую за размову. Жадаю вам поспехаў на пастырскай ніве і каб удзел у форуме паспрыяў развіццю сферы дабрачыннасці і валантарыята ў Беларусі.








All the contents on this site are copyrighted ©.