2011-11-09 16:03:49

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы: будаваць мір праз сям’ю, школу і горад


RealAudioMP3 На думку кс. прэлата Франчэско Фоло, пастаяннага назіральніка Апостальскай Сталіцы пры ЮНЕСКА, “культура спрыяе сустрэчы, дыялогу і адпаведна міру”. Аб гэтым прадстаўнік Каталіцкага Касцёла заявіў падчас свайго выступлення на сесіі Рады арганізацыі, якая прайшла ў Парыжы.

Кс. Фоло назваў сям’ю, школу і горад асноўнымі “маленькімі супольнасцямі”, з якіх трэба пачынаць у будаванні цывілізацыі супакою. Святар нагадаў аб сувязі, якая існуе паміж адукацыяй і мірам. “Міра можна дасягнуць пачынаючы з сям’і, школы і горада, “маленькіх супольнасцяў” у якіх можна знайсці мадэлі навучання”, - сказаў дыпламат.

На думку святара, ў сям’і чалавек пачынае вучыцца быць чалавечным, у школе, акрамя ведаў вучыцца сацыяльным адносінам, і нарэшце ў “горадзе”, вёсцы ці ўсёй краіне, месцы дзе сустракаюцца “добрыя манеры і гвалт, багацце і беднасць”, неабходна дзейнічаць, каб зрабіць іх па-сапраўднымі чалавечымі. “Іншымі словамі, каб супольнасць людзей, якая іх складае разумела неабходнасць будаваць сваё жыццё на пазітыўных прынцыпах, якія паходзяць з розных культур і вядуць да культуры міра, што пераўзыходзіць усе формы гвалту”, - сказаў кс. прэлат Франчэско Фоло.

“Будаванне міра праз сям’ю, школу і горад, можа прывесці да культуры супакою, якая будзе спрыяць гарманічнаму суіснаванню паміж народамі”, - адзначыў пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ЮНЕСКА.







All the contents on this site are copyrighted ©.