2011-11-07 14:59:51

Румынія: іерархі ўсходняга абраду падвялі вынікі сустрэчы


RealAudioMP3 3-6 лістапада ў румынскай Арадэі прайшла ХIV сустрэча каталіцкіх епіскапаў усходняга абрада. У форуме прыняло ўдзел больш за 70 іерархаў. Працы былі прысвечаны тэме ўкладу Усходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы ў новую евангелізацыю. На заканчэнне форуму было апублікавана паведамленне, у якім адзначаецца, што новая евангелізацыя разглядалася з двух пунктаў гледжання. З аднаго боку, было адзначана, што Усходнія Каталіцкія Цэрквы ў Еўропе ўносяць адмысловы і ўнікальны ўклад у працэс новай евангелізацыі. З другога, іерархі пацвердзілі сваю свядомасць адказу на сучасныя выклікі.

“Крызіс, які перажывае сённяшні свет, мае па-сутнасці антрапалагічны характар, часткова гэта плён секулярызму, які прывёў да неапраўданага выключэння Бога з публічнай і прыватнай сфер чалавека”, - адзначаецца ў заключным паведамленні. На думку іерархаў, гэта прывяло да моцнай дэзарыентацыі чалавечай ідэнтычнасці, па прычыне якой сучасны чалавек часта не ў стане асэнсаваць сябе самога і сваё існаванне.

У паведамленні адзначаецца, што “Усходнія Каталіцкія Цэрквы павінны змагацца з гэтымі праблемамі. Пасля атрымання 20 гадоў таму свабоды, яны павінны добра асэнсаваць гэтыя спецыфічныя глабальныя з’явы, якія закранаюць іх шматлікіх вернікаў, што эмігруюць у іншыя краіны”. “Гэта прыносіць Усходнім Цэрквам краін, у якія прыбываюць эмігранты, асаблівыя пастырскія выклікі, што патрабуюць адпаведных рашэнняў”.

Было вырашана, што ХV сустрэча епіскапаў усходняга абараду пройдзе 8-11 лістапада 2012 г. у харвацкім Загрэбе.








All the contents on this site are copyrighted ©.