2011-11-03 12:06:07

Бэнэдыкт XVI маліўся за кардынала Казіміра Свёнтка


RealAudioMP3 3 лістапада ў базыліцы св. Пятра Бэнэдыкт XVI узначаліў св. Імшу ў інтэнцыі памерлых на працягу апошняга года кардыналаў і біскупаў. У сваёй гаміліі Папа сярод іншых ўзгадаў аб памерлым 21 ліпеня 2011 г. беларускім кардынале Казіміры Свёнтку. “За ўсіх і за кожнага з іх узнясём нашы малітвы, натхнёныя верай, памятаючы аб вечным жыцці і таямніцы еднасці святых”, - заклікаў прысутных на літургіі Бэнэдыкт XVI.

Святы Айцец адзначыў, што перад абліччам смерці людзям уласціва адчуваць асаблівыя пачуцці і разважаць аб сваім чалавечым стане. “І заўсёды нас уражвае і пераўзыходзіць Бог, які стаў настолькі блізка да нас, што нават не спыніўся перад прорвай смерці, але прайшоў праз яе прабываючы два дні ў магіле. Хрыстус прыняў да канца нашу цялесную смерць, каб перамяніць яе праз хвалебную моц Бога і подых ажыўляючага Духа”, - сказаў Папа.

Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што смерць Хрыста з’яўляецца для нас вялікай надзеяй і фундаментам жыцця. “Новае і вечнае жыццё з’яўляецца плёнам дрэва Крыжа, дрэва якое квітнее і прыносіць плёны дзякуючы святлу і сіле, што паходзяць ад сонца Бога. Без Хрыстовага крыжа уся энергія прыроды застанецца бяссільнай перад абліччам негатыўнай сілы граху”, - адзначыў Пантыфік.

Папа заўважыў, што фундаментам нашай надзеі з’ўляецца воля Айца і Сына, як было сказана ў Евангеллі: “Ойча, хачу, каб тыя, каго Ты даў Мне, былі са Мною там, дзе Я ёсць”. “Паміж тымі , каго Айцец даверыў Езусу, ёсць таксама і нашы шаноўныя браты, за якіх мы ахвяруем гэту Эўхарыстыю: яны пазналі Бога праз Езуса, пазналі Яго імя, любоў Айца і Сына, Святога Духа, які жыў у іх і адкрыў іх жыццё на Неба і вечнасць. Дзякуем Пану Богу за гэты каштоўны дар”, - сказаў Бэнэдыкт XVI аб памерлых у гэтым годзе іерархаў.

На працягу апошняга года памерлі 10 кардыналаў. Сярод іх беларускі кардынал Казімір Свёнтэк, які памёр 21 ліпеня 2011 г., польскі кардынал Анджэй Дэскур, нямецкі кардынал Георг Стэрцынскі, італьянскі кардынал Вірджыліо Ноэ і інш.








All the contents on this site are copyrighted ©.