2011-11-02 13:50:07

Расія: арцыбіскуп Пеццы сустрэўся з Патрыярхам Кірылам


RealAudioMP3 1 лістапада 2011 г. у сталіцы Расіі Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл сустрэўся з арцыбіскупам Паўло Пэццы, ардынарыем архідыяцэзіі Маці Божай ў Маскве. Падчас сустрэчы абодва іерархі адзначылі добрыя каталіцка-праваслаўныя адносіны ў Расіі. Патрыярх Кірыл пацвердзіў, што “на працягу апошніх гадоў праваслаўныя і католікі сумеснымі намаганнямі вырашылі драматычную сітуацыю, якая існавала ва ўзаемных адносінах у 90-ыя гады мінулага стагоддзя”. Прадстаяцель заўважыў, што сёння “чалавек у Расіі зацікаўлены толькі спажывецтвам, прыбыткам і задавальненнем у жыцці. Гэта нішчыць хрысціянскую сістэму каштоўнасцяў”. Патрыярх Кірыл адзначыў. што сумесны падыход да рашэння шматлікіх праблем у краіне з’яўляецца “важным фактарам у кансалідацыі расійскага грамадства і ўмацавання ў ім хрысціянскіх нормаў жыцця”.

Арцыбіскуп Пеццы выказаў надзею на тое, што католікам у некаторых гарадах Расіі будуць вернуты іх “гістарычныя будынкі касцёлаў, якія калісьці з’яўляліся іх уласнасцю”. Каталіцкі іерарх выказаў задавальненне тым, што Каталіцкі Касцёл у Расіі пачынае разглядацца не як “чужы, але ўсё больш як той, хто мае права існаваць у краіне”.

Абодва іерархі падкрэслілі неабходнасць далейшага разіцця суспрацоўніцтва ва ўмацаванні ў свядомасці расійскага грамадства павагі да чалавечага жыцця з моманту зачацця да натуральнай смерці, а таксама да сямейных каштоўнасцяў.








All the contents on this site are copyrighted ©.