2011-11-02 12:41:27

Бэнэдыкт XVI: тэма смерці часта пад забаронай, хоць тычыцца кожнага з нас


RealAudioMP3 Падчас сённяшняй агульнай аўдыенцыі, якая прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, Бэнэдыкт XVI запрасіў вернікаў да разважання аб рэчаіснасці смерці, якая для нас хрысціян была асвечана Уваскрасеннем Хрыста, каб аднавіць нашу веру ў вечнае жыццё.

Святы Айцец нагадаў, што ў гэтыя дні вернікі наведваюць могілкі, каб яшчэ раз адчуць блізкасць са сваімі дарагімі памерлымі. “У адзінстве святых існуе сувязь паміж намі, якія яшчэ ідзем па гэтай зямлі, і шматлікімі братамі і сёстрамі, якія ўжо дасягнулі вечнасці”, - адзначыў Папа.

“Чалавек заўсёды клапаціўся аб сваіх памерлых і спрабаваў даць ім нібыта іншае жыццё праз увагу, клопат, пяшчоту. У пэўным сэнсе, чалавек хоча захаваць іх жыццё; і парадаксальна, што тое, як яны жылі, што любілі, чаго баяліся, на што спадзяваліся і чаго не ўспрымалі, мы разумеем толькі перад іх магілай, перад якой да нас находзяць успаміны. Яны з’яўляюцца люстэркам іх свету”, - падкрэсліў Пантыфік.

Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу на тое, што ў нашым грамадстве тэма смерці часта з’яўляецца забароненай, негледзячы на тое, што яна тычыцца кожнага з нас. “Але чаму мы баімся смерці?”, - спытаў Святы Айцец. Як магчымы адказ, Папа ўзгадаў страх перад неіснаваннем, перад нечым невядомым, непрыняцце таго, што ўсё прыгожае і вялікае, што было дасягнута на працягу нашага існавання, можа знікнуць у адзін момант.

“Яшчэ маем страх перад смерцю, бо калі падыходзім да канца нашага існавання, заўсёды ўзнікаюць пытанні аб нашых учынках – як мы правялі гэта жыццё; асабліва адносна тых цёмных момантаў, якія па-звычцы мы спрабуем выкінуць з нашага сумлення. Я хачу сказаць, што менавіта гэта пытанне аб судзе ляжыць у аснове клопату людзей усіх часоў аб памерлых, увагі да людзей, якія былі важнымі ў нашым жыцці і якіх больш няма побач. У пэўным сэнсе, пяшчотныя жэсты, любоў, з якой мы ставімся да памерлых, з’яўляюцца спосабам абараніць іх і падтрымаць, каб яны не засталіся без падтрымкі на судзе. Гэта мы можам бачыць у большай частцы культур, якія характарызуюць гісторыю чалавека”.

Святы Айцец адзначыў, што ў нашым сённяшнім свеце, які становіцца ўсё больш рацыянальным, распаўсюджваецца тэндэнцыя, каб думаць аб смерці грунтуючыся не столькі на веры, колькі на эксперыментах. “Аднак, людзі не заўважаюць, што менавіта гэта з’яўляецца прычынай распаўсюджвання розных форм спірытуалізма, спробаў устанавіць кантакт са светам, які існуе па-за смерцю, нібыта ён з’яўляецца копіяй свету ў якім мы жывем”, - сказаў Папа.

“Дарагія сябры, успамін усіх памерлых вернікаў кажа нам аб тым, што толькі той, хто можа убачыць вялікую надзею у смерці, можа жыць жыццём поўным надзеі. Калі мы абмяжуем чалавека толькі яго гарызантальным вымярэннем, тым, што можна ўспрымаць эмпірычна, яго жыццё згубіць сваё глыбокае значэнне. Чалавек патрабуе вечнасці, бо кожная іншая надзея для яго вельмі кароткая і абмежаваная. Чалавека можна зразумець толькі калі ёсць Любоў, якая пераходзіць з любой ізаляцыі, нават смяротнай, у поўню, што пераўзыходзіць прастору і час. Чалавека можна зразумець у яго самым глыбокім сэнсе, толькі калі ёсць Бог. І мы ведаем, што Бог выйшаў з далечыні і стаў блізкім да нас, увайшоў у наша жыццё і сказаў: “Я увасрасенне і жыццё; хто верыць у мяне будзе жыць нават калі памрэ; хто верыць у мяне не памрэ ніколі”.

Папа нагадаў, што Хрыстус, праз смерць на Крыжы, зышоўшы ў прорву смерці, перамог яе, уваскрос і адкрыў таксама і нам дзверы ў вечнасць. “Хрыстус падтрымлівае нас, праз ноч смерці, якую ён сам перажыў; Ён Добры Пастыр, кіраўніцтву якога можна даверыцца без страху, бо Ён добра ведае шлях, нават праз цемру”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI.

Падчас сённяшняй агульнай аўдыенцыі Святы Айцец звярнуўся з заклікам да лідэраў найбуйнейшых дзяржаў свету ў сувязі з пачаткам пасяджэння “Вялікай дваццаткі” па праблемах у сусветнай эканоміцы, якое пройдзе 3-4 лістапада ў французскіх Канах. Папа “выказаў надзею на тое, што сустрэча дапаможа перамагчы цяжкасці, якія на сусветным узроўні перашкаджаюць спрыянню сапраўднаму чалавечаму і інтэгральнаму развіццю”.








All the contents on this site are copyrighted ©.