2011-11-01 14:21:03

“Homo caritatis”. Суверэнітэт у навучанні Жака Марытэна


RealAudioMP3 Мы працягваем знаёмства з філасофіяй Жака Марытэна, вялікага філосафа ХХ ст., ідэі якога вельмі паўплывалі на ўсё каталіцкае навучанне, у тым ліку і сацыяльнае. Думкі Марытэна былі крыніцай натхнення для Рымскіх Пантыфікаў, шматлікіх хрысціянскіх палітыкаў у многіх краінах Еўропы, у філасофскіх і культурных асяроддзях. Нагадаю, што нашы разважанні грунтуюцца на самай сістэматызаванай працы Марытэна, якая называецца “Чалавек і дзяржава”. У ёй філосаф вельмі падрабязна прадстаўляе сваё бачанне дэмакратыі як маральнай рэалізацыі грамадства і ўказвае на першынства духоўнасці і адказнасці ў палітычнай і грамадскай сферах.

У мінулых праграмах мы пачалі размову аб паняцці суверэнітэта. На думку Марытэна, гэты тэрмін па сваёй прыродзе з’яўляецца памылковым і трэба пазбаціцца яго. Важна добра разумець значэнне гэтага слова, каб убачыць, што паняцце суверэнітэта, стала крыніцай “усемагутнасці” дзяржавы і “абагаўлення” волі народа.

Для Марытэна паняцце суверэнітэта з’яўляецца аналагам абсалютызма. Гэта слова для філосафа, не адпавядае значэнню, якое яму надалі людзі. “Гэта тое ж, што назваць “усемагутнасцю” абмежаваную ўладу, ці барабанам – флейту”, - пісаў Марытэн. Слова “суверэнітэт” губляе свой негатыўны сэнс толькі тады, калі адносіца не да сферы палітыкі, а да сферы метафізікі. Філосаф адзначаў, што ў духоўнай сферы паняцце суверэнітэта выкарыстоўваецца ў поўнай адпаведнасці са сваім значэннем. “Бог, у якасці асобнага Цэлага, з’яўляецца Суверэнам над створаным светам. Згодна з каталіцкім навучаннем Папа Рымскі, у якасці намесніка Хрыста, з’яўляецца суверэнам над Касцёлам. Нават у маральным сэнсе можна сказаць, што мудрэц, а таксама духоўныя асобы, валодаюць пэўным суверэнітэтам”, - пісаў Марытэн. Ён тлумачыць гэта тым, што гэту якасць, такія асобы атрымліваюць з вышыні (ад Духа) у адносінах да свету жарсцяў і законаў, сіле якіх яны не падпарадкаваны, бо іх воля сама па сабе знаходзіцца ў гармоніі з законам. На думку Марытэна, такія людзі маюць выключны статус да абвяшчэння праўды.

Аднак у сферы палітыкі і ў адносінах да тых людзей і арганізацый, якія адказныя за зямны лёс людзей, паняцце суверэнітэта не можа выкарыстоўвацца адпаведна і адэкватна, бо ні адна зямная ўлада не з’яўляецца вобразам Бога ці яго прадстаўніком. “Бог – гэта крыніца той улады, якой людзі надзяляюць іншых людзей і арганізацыі. Але прадстаўнікі ўлады не з’яўляюцца намеснікамі Бога, яны прадстаўнікі народа, таму яны не могуць быць аддзелены ад народа”, - пісаў філосаф.

Суверэнітэт, азначае незалежнасць і ўладу, якія існуюць асобна ці трансцэндэтна. Таму Марытэн вылучае тры значэння паняцця суверэнітэта. Па-першае, знешні суверэніт. З аднаго боку, суверэнная дзяржава стаіць над супольнасцю дзяржаў і валодае абсалютнай незалежнасцю ў адносінах да гэтай супольнасці. Пакуль дзяржавы клапоцяцца аб сваім суверэнітэце, яны не могуць пакінуць сваю вярхоўную незалежнасць, для таго, каб уступіць у палітычную супольнасць іншага парадка, у сусветную супольнасць.

Другое паняцце – унутраны суверэнітэт: суверэнная дзяржава валодае уладай, якая з’яўляецца абсалютна вышэйшай уладай і, такім чынам, падаўляе палітычную супольнасць і паглынае яе. Суверэнная дзяржава атаясамліваецца з нацыяй ці народам. У выніку чаго існаванне плюралістычнай ідэі грамадскіх адносін прынцыпова адкідаецца. Згодна з логікай суверэнітэта, дзяржава імкнецца да поўнага дамінавання над супольнасцю, да таталітарызму.

З трэцім значэннем паняцця “суверэнітэт” звязана тое, што дзяржава, якая валодае вярхоўнай уладай, рэалізуе сябе не адказваючы ні перад кім. А улада, якая ні перад кім не адказвае за свае учынкі імкнецца быць падобнай да Бога. “У Новы час гэта якасць была прыпісана дзяржаве на той падставе, што яна лічылася персаніфіцыраваным народам, а народ можа рабіць тое, што жадае, бо над ім нікога няма”, - звяртаў увагу Марытэн.

На думку філосафа, такая незалежнасць дзяржавы можа весці да таго, што за яе рашэнні заўсёды будзе плаціць народ. “Як кажа адна французская прымаўка: “Забіваюць заўсёды адных і тых жа”, - адзначае Марытэн. “Напрыклад, інтэлігенцыя. Яна не прызначана народам, таму яна адказна перад ім толькі ў маральным сэнсе. А дзяржава фармальна адказная перад народам. Таму якая гаворка можа ісці аб яе суверэнітэце?

Тое ж тычыцца і народа. “Народ заўсёды плаціць уласнай крывёй за свае памылкі, таму ён не можа дзейнічаць безадказна”, - адзначае Марытэн. Філосаф падкрэслівае, што паняцці “суверэнітэт” і “абсалютызм” былі выкаваны разам, на адным кавадлы, таму іх трэба адкінуць.








All the contents on this site are copyrighted ©.