2011-11-01 13:04:15

Святы Айцец перад “Анёл Панскі”: кожная жыццёвая сітуацыя можа стаць шляхам да святасці


RealAudioMP3 1 лістапада перад малітвай “Анёл Панскі” Бэнэдыкт XVI заклікаў вернікаў памятаць аб святасці, якая з’ўяляецца першапачатковым пакліканнем чалавека. Падчас сустрэчы з вернікамі на Плошчы св. Пятра Святы Айцец разважаў аб значэнні ўрачыстасці Усіх Святых і аб духоўнай каштоўнасці ўспаміну памерлых вернікаў.

“Дарагія браты і сёстры!, - сказаў Папа -

Урачыстаць Усіх Святых з’яўляецца нагодай для таго, каб узняць позірк з нашай зямной, часовай рэальнасці, да Божага вымярэння, вымярэння вечнасці і святасці. Сённяшняя Літургія нагадвае нам аб тым, што святасць з’яўляецца першапачатковым пакліканнем кожнага ахрышчанага (пар. Lumen gentium, 40). Хрыстус, які з Айцом і Духам з’яўляецца адзіным Святым (пар. Ап 15, 4), палюбіў Касцёл як сваю нявесту і, каб асвяціць яго, даў усяго сябе (пар. Эф. 5, 25-26). Таму, усе члены Народа Божага пакліканы стаць святымі, згодна са словамі апостала Паўла: “Бо воляй Божай ёсць ваша святасць” (1 Тэс 4, 3). Ітак, мы запрошаны глядзець на Касцёл не ў яго часовым і чалавечым аспекце, які характарызуецца нестабільнасцю, але паводле жадання Хрыста, як на “супольнасць святых” (Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 946). У Сімвале веры мы вызнаём яго як “святы”, як Цела Хрыста, прылад удзелу ў святых Таямніцах, у першую чаргу Эўхарыстыі, а таксама як сям’ю святых, заступніцтву якой мы былі давераны ў дзень хросту. Сёння мы ўшаноўваем гэту шматлікую супольнасць Усіх Святых, якія праз свае разнастайныя жыццёвыя сітуацыі паказваюць нам шляхі да святасці, аб’яднаныя адзінай умовай: ісці за Хрыстом і быць падобным да Яго, галоўнай мэты нашага чалавечага жыцця. Усе нашы жыццёвыя сітуацыі могуць стаць дзякуючы ласцы, учынкам і настойлівасці, шляхам да святасці.

Успамін аб памерлых верніках, якому будзе прысвечаны заўтрашні дзень, 2 лістапада, дапамагае нам узгадаць аб нашых блізкіх, якія пакінулі нас, а таксама аб ўсіх душах, якія знаходзяцца на шляху да поўні жыцця, менавіта ў перспектыве нябеснага Касцёла, да якой сённяшняя ўрачыстасць нас рыхтуе. Ад самых першых вякоў хрысціянства зямны Касцёл, прызнаючы адзінства ўсяго містычнага Цела Хрыста, з вялікай павагай ставіўся да памяці аб памерлых і маліўся за іх. Наша малітва за памерлых з’яўляецца не толькі карыснай, але неабходнай, бо яна не толькі можа ім дапамагчы, але і зрабіць больш эфектыўным іх заступніцтва за нас (пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 958). Таксама і наведванне могілак акрамя таго, што захоўвае сувязь з тымі, каго мы любілі на працягу гэтага жыцця, нагадвае нам аб тым, што усе мы ідзём да іншага жыцця, негледзячы на смерць. Горыч, выкліканая зямным расстаннем, не павінна дамінаваць над нашай упэўненасцю ва ўваскрасенні, над надзеяй на дасягненне вечнасці, “момантам канчатковага задавальнення, калі поўня будзе ахопліваць нас, а мы будзем ахопліваць поўню” (Spe salvi, 12). Аб’ектам нашай надзеі з’яўляецца радасць ведання аб прысутнасці Бога ў вечнасці. Гэта паабяцаў Езус сваім вучням: “Я зноў убачу вас, і ўзрадуецца сэрца вашае, і радасці вашай ніхто не адбярэ ў вас” (Ян 16, 22).

Панне Марыі, Каралеве ўсіх Святых, даверым нашу пілігрымку да нябеснай айчыны, і папросім для нашых памерлых братоў і сясцёр яе матчынага заступніцтва”.

Пасля разважанняў Пантыфік прывітаў прысутных на плошчы св. Пятра пілігрымаў з розных краін свету. Гаворачы па-італьянску Папа прывітаў удзельнікаў “Марафона святых”, які сёння раніцай праходзіў у Рыме па ініцыятыве фонда “Дон Боска – свету”. “Святы Павел сказаў бы, што жыццё гэта наш “марафон” да святасці: вы нам даіцё добры прыклад!”, - сказаў на заканчэнне Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.