2011-11-01 13:29:41

Бразілія: біскупы заклікаюць да барацьбы з карупцыяй


RealAudioMP3 Біскупы Бразіліі заклікалі нацыянальных лідэраў да рэалізацыі палітычных рэформ і барацьбы з карупцыяй. “Мы хацелі б бачыць не толькі рэформу выбарчай сістэмы, але і глыбокія палітычныя рэформы, мэтай якіх будзе барацьба з карупцыяй, якая раз’ядае дзяржаўныя інстытуты Бразіліі”, - гаворыцца ў спецыяльным звароце каталіцкіх іерархаў.

Адзначаецца, што выклікаюць абурэнне павольныя тэмпы і адсутнасць волі з боку заканадаўцаў для правядзення рэформ, якія абяцала ў сваёй інаўгурацыйнай прамове прэзідэнт краіны Дзілма Русэф.

“З карупцыяй трэба змагацца шляхам барацьбы з беспакаральнасцю”, - падкрэслілі біскупы. “Калі чалавек невінаваты, яго добрае імя і статус у грамадстве павінны быць адноўлены, але калі віна чалавека даказана, ён павінен быць пакараны”, - адзначаюць іерархі.

Зварот каталіцкіх біскупаў быў апублікаваны на фоне скандалаў у адміністрацыі Дзілмы Русэф, 5 чыноўнікаў якой за апошнія 10 месяцаў былі вымушаны падаць у адстаўку пасля абвінавачванняў у карупцыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.