2011-10-31 12:25:03

Святы Айцец прыняў даверчыя граматы новага пасла Бразіліі пры Апостальскай Сталіцы


RealAudioMP3 31 кастрычніка Бэнэдыкт XVI прыняў даверчыя граматы новага пасла Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія пры Апостальскай Сталіцы, спадара Альміра Франко Дэ-Са-Барбуда. У сваёй прамове да дыпламата Папа нагадаў, што дыпламатычныя адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і Бразіліяй былі ўстаноўлены адразу пасля абвяшчэння незалежнасці гэтай паўднёваамерыканскай краінай у 1822 г. “Гэта было вынікам доўгіх адносін паміж Бразіліяй і Каталіцкім Касцёлам, якія пачаліся 26 красавіка 1500 г. Гэтыя адносіны пакінулі шматлікія сведчанні хрысціянскіх святых, а таксама рэлігійныя помнікі, якія сёння служаць сімвалам ідэнтыфікацыі краіны ў свеце, як, напрыклад, статуя Хрыста Збаўцы з распрасцёртымі рукамі, якімі ён благаслаўляе ўсю краіну”, - сказаў Бэнэдыкт XVI. Папа адзначыў, што Касцёл дапамагаў, таксама, у выхаванні бразільскага духа, які характарызуецца шчырасцю, працавітасцю, павагай да сямейных каштоўнасцяў і чалавечага жыцця.

Бэнэдыкт XVI нагадаў аб важнасці канкардата падпісанага паміж Бразіліяй і Апостальскай Сталіцай у 2008 г. і які “не з’яўляецца крыніцай прывілегій для Касцёла, але надае афіцыйны характар супрацоўніцтву паміж гэтымі двума рэальнасцямі”.

“Дзяржава павінна гарантаваць магчымасць свабоды веравызнання, а таксама культурнай, адукацыйнай, дабрачыннай дзейнасці і спрыяць пабудове грамадскага жыцця на фундаменце маральных каштоўнасцяў. Уклад Касцёла, аднак, не абмяжоўваецца толькі адукацыйнай і гуманітарнай дзейнасцю, але павінен спрыяць маральнаму росту грамадства”, - падкрэсліў Пантыфік.

Папа запэўніў новага пасла Бразіліі, што яго ўрад можа разлічваць на дапамогу Касцёла ў вырашэнні праблем звязаных з барацьбой з беднасцю і голадам. “Касцёл не можа паставіць сябе на месца дзяржавы, але ён таксама не можа заставацца ў баку ад барацьбы за справядлівасць”, - нагадаў Святы Айцец.

Новы пасол Бразіліі пры Апостальскай Сталіцы спадар Альмір Франко Дэ-Са-Барбуда з’ўяляецца выпускніком Папскага каталіцкага універсітэта ў Рыа-дэ-Жанэйра. На дыпламатычнай службе знаходзіцца з 1969 г. Працаваў у якасці пастаяннага прадстаўніка Бразіліі пры ААН у Жэневе, пры ФАО ў Рыме, быў генеральным консулам у ЗША, паслом у Бельгіі і Люксембурге.








All the contents on this site are copyrighted ©.