2011-10-30 12:27:36

Рым: музычны фестываль пад патранатам Папы


RealAudioMP3 Міжнародны фестываль духоўнай музыкі і мастацтва па традыцыі адкрыўся ў італьянскай сталіцы ў сярэдзіне восені. Вядомы ва ўсім свеце фестываль прапануе канцэрты духоўнай і класічнай музыкі ў найпрыгажэйшых саборах і базыліках Рыма, а таксама розныя мастацкія выставы, піша “Аciprensa”.

Праграма фестывалю падзелена на дзве часткі – першая займае некалькі дзён у кастрычніку, другая праходзіць у лістападзе. Адкрываецца фестываль традыцыйна ўрачыстай св. Імшой і канцэртам у Базыліцы св. Пятра. Затым на працягу некалькіх дзён праходзяць канцэрты ў храмах. З 26 кастрычніка да 6 лістапада лепшыя харавых калектывы і камерныя аркестры з розных краін свету выконваюць класічную і духоўную музыку Баха, Расіні, Монтэвердзі, Брукнера, Пучыні, Вагнера, Моцарта, Шуберта і іншых кампазітараў. У праграме фестывалю таксама творы арганнай музыкі Ліста, Букстэхудэ, Бузоні і інш.

У гэтым годзе на фестывалі выступяць Венскі і Лонданскі філарманічныя аркестры, амерыканскі хор “The Musicians of Saint Clare”, вакальны ансамбль “Palatia”, кафедральныя хоры Кёльна, Зальцбурга, Шпайера і іншыя вядомыя калектывы.

Фестываль духоўнай музыкі і мастацтва праходзіць пад патранатам Папы Бэнэдыкта XVI. Ён быў створаны ў 2002 г. з мэтай пазнаёміць аматараў мастацтва і дазволіць ім нанова адкрыць для сябе лепшыя творы класічнай і сакральнай музыкі розных часоў, і, разам з тым, атрымаць асалоду ад мастацкай спадчыны Каталіцкага Касцёла.







All the contents on this site are copyrighted ©.