2011-10-30 12:04:16

Беларусь: лістапад пачынаецца з малітвы праз заступніцтва Усіх Святых


RealAudioMP3 Праз адзін дзень наступае лістапад, месяц, які католікі ўсяго свету пачынаюць з малітвы праз заступніцтва Усіх Святых, а затым узгадваюць і моляцца за сваіх памерлых продкаў. 1 лістапада вернікі ўшаноўваюць усіх афіцыйна кананізаваных Касцёлам, а таксама невядомых святых, або тых з іх, хто не мае літургічнага ўспаміну на працягу года, хоць заслугоўвае не меншай увагі з нашага боку. Як паведаміў сакратар курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі дыякан Кірыл Бардонаў, сэнс гэтай урачыстасці звязаны з самім разуменнем мэты хрысціянскага жыцця, якой з’яўляецца збаўленне, і ўсе, хто яго асягнуў – для нас святыя.

Напярэданні ўрачыстасці Усіх Святых моладзевыя субкультуры адзначаюць, у тым ліку і ў Беларусі, так званы хэлоўін, вельмі часта блытаючы “паняцці” і прымаючы ўдзел у маскрадзе з тыквамі. Трэба размежаваць гэтыя падзеі – кажа дыякан Кіріл, бо хэлоўін мае язычніцкія карані і “нячыстую” падаплёку. А да сувязі са злымі духамі нельга адносіцца легкадумна, як да простай гульні.

2 лістапада – успамін памерлых вернікаў. Католікі ідуць на могілкі, прыбіраюць іх і запальваюць свечкі. Малітва і парадак і ёсць выразам нашай пашаны да продкаў, а агеньчык – сімвал надзеі на тое, што нашы родныя калісьці з’яднаюцца з Богам.

Гэта не толькі дзень смутку і ўспамінаў. Дзень, які нагадвае аб выхаванні наступнага пакалення ў духу павагі да продкаў. А таксама гэта дзень-разважанне – у першую чаргу аб сваім жыцці.

У гэтыя дні ва ўсіх парафіях Беларусі адбудуцца адмысловыя літургіі, а на некаторых могілках пройдуць працэсіі. І 1, і 2 лістапада ў 17.00 на мінскіх Кальварыйскіх могілках св. Імшу і працэсію ўзначаляць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Антоні Дзям’янка.







All the contents on this site are copyrighted ©.