2011-10-28 12:09:49

Папа да ўдзельнікаў сустрэчы ў Асізі: падарожжа духа заўсёды з’яўляецца падарожжам міру


RealAudioMP3 28 кастрычніка ў 11.30 Святы Айцец сустрэўся з удзельнікамі “Дня разважання, дыялога і малітвы за мір і справядлівасць у свеце”, які праходзіў учора ў італьянскім Асізі. Папа прывітаў сабраных у Клеменцінскай зале Апостальскага Палаца прадстаўнікоў шматлікіх рэлігій і яшчэ раз падзякаваў за гатоўнасць прыняць удзел у форуме, які праходзіў у 25 гадавіну першай сустрэчы ў Асізі, натхняльнікам і арганізатарам якой быў бл. Ян Павел ІІ.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што у пэўным сэнсе, асізская сустрэча стала адлюстраваннем імкнення мільярдаў мужчын і жанчын ва ўсім свеце, якія актыўна ўдзельнічаюць у барацьбе за справядлівасць і мір. “Гэта таксама знак сяброўства і братэрства, што заквітнеў як плён высілкаў шматлікіх піянераў такога тыпу дыялога”, - сказаў Папа.

“Я дзякую маім братам і сёстрам хрысціянам за братэрскую прысутнасць. - сказаў Святы Айцец. - Я таксама дзякую прадстаўнікам яўрэйскага народа, асабліва блізкага нам, і ўсім вам, паважаныя прадстаўнікі сусветных рэлігій. Я ведаю, што многія з вас прыбылі здалёк і ўзялі на сябе цяжкасці падарожжа. Я выказваю падзяку і тым, хто прадстаўляе людзей добрай волі, якія не належаць ні да якой з рэлігійных традыцый, але імкнуцца да пошуку ісціны. Яны былі гатовыя падзяліць гэту пілігрымку з намі, што стала сімвалам іх жадання працаваць разам, каб пабудаваць лепшы свет”. На думку Святога Айца, “падарожжа духа заўсёды з’яўляецца падарожжам міру”.

Святы Айцец адзначыў, што падобныя сустрэчы дастаткова выключныя і рэдкія, але “яны з'яўляюцца яркім выразам таго факту, што кожны дзень, у нашым свеце, людзі розных рэлігійных традыцый жывуць і працуюць разам у гармоніі”. “Такім чынам, я ўпэўнены, што ўчарашняя сустрэча дала нам зразумець, наколькі шчырае наша жаданне ўнесці свой уклад у дабро ўсяго нашага чалавецтва, і наколькі мы павінны даваць сябе адзін аднаму”.

“Мы ідзём кожны сваёй дарогай, але давайце чэрпаць сілы з гэтага вопыту і, дзе б мы ні былі, давайце працягнем аднаўляць сябе на шляху, які вядзе да ісціны, у паломніцтве, якое вядзе да міру”, - сказаў у заключэнні Святы Айцец.

На міжрэлігійнай асамблеі ў Асізі прысутнічалі пасланцы 31 хрысціянскай супольнасці, дэлегаты нацыянальных біскупскіх канферэнцый, Патрыярхі і архірэі Усходніх Цэркваў, дэлегацыя англіканскай супольнасці на чале з арцыбіскупам Кентэрберыйскім Роуэнам Уільямсам. У вялікай групе прадстаўнікоў Праваслаўных Цэркваў знаходзіўся Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей I. У складзе дэлегацыі Маскоўскага Паірыярхата быў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт.

У форуме прыняло ўдзел таксама 170 прадстаўнікоў розных нехрысціянскіх рэлігій – юдэі, мусульмане, індуісты, сікхі, будысты, канфуцыянцы, сінтаісты, а таксама прадстаўнікі традыцыйных вераванняў Афрыкі, Аўстраліі і Амерыкі.







All the contents on this site are copyrighted ©.