2011-10-27 14:16:14

Кардынал Рожэ Эчэгарай пра традыцыю сустрэч у Асізі


RealAudioMP3 Сённяшняя “L’Osservatore Romano” змяшчае інтэрв’ю з кардыналам Рожэ Эчэгараем, у якім іерарх распавядае аб сваіх уражаннях аб папярэдніх малітоўных сустрэчах за мір у свеце, якія адбыліся ў Асізі з удзелам бл. Яна Паўла ІІ.

Кардынал распавёў аб здарэнні падчас першай сустрэчы, якая праходзіла 27 кастрычніка 1986 г., калі ў базыліцы св. Францішка ў Асізі група маладых яўрэяў раздавала ўсім аліўкавыя галінкі прывезеныя з Іерусаліма. “Яны ўручылі іх у першую чаргу прадстаўнікам мусульман. Убачыўшы гэта, я расплакаўся”, - успамінае кардынал. Былы старшыня Папскай рады “Iustitia et Pax” узгадаў таксама словы Яна Паўла ІІ, які сказаў французскаму іерарху, што раніцай бачыў радугу, якая з’явілася над Асізі. “Для Папы гэты быў бачны знак гармоніі паміж Богам і ўсімі нашчадкамі Ноя. Мір а не вайна, павінен прынесці слёзы радасці і спрыяць прымірэнню”, - сказаў іерарх.

Кардынал Эчэгарай нагадаў, што падчас першай экуменічнай сустрэчы за мір не адбылося сумеснай малітвы, прадстаўнікі кожнай рэлігіі маліліся асобна. “Трэба прызнаць, што першая сустрэча ў Асізі дала надзвычайны імпульс міжрэлігійнаму дыялогу. Для нас хрысціян ён з’яўляецца адным з самых вялікіх выклікаў. Гэта вастрыё, якое ўмацоўвае нашу веру і ачышчае наша евангельскае сведчанне”, - сказаў кардынал.

Іерарх нагадаў, што Ян Павел ІІ вярнуўся ў Асісі праз 7 гадоў. На гэты раз сустрэча была прысвечана малітве за мір у Еўропе, асабліва на Балканах, дзе адбываліся жудасныя “этнічныя чысткі”. “У другой сустрэчы прынялі ўдзел усе епіскапты Еўропы, а таксама прадстаўнікі праваслаўнай, мусульманскай і яўрэйскай супольнасцяў”, - нагадаў іерарх. Аднак, аб гэтай сустрэчы сёння гаворыцца вельмі мала. “Важна нагадаць, што яшчэ і сёння, праз 20 гадоў пасля гэтых трагічных здарэнняў, Еўропа аб’яднана не да канца”, - сказаў іерарх.

Кардынал Эчэгэрай нагадаў таксама, што бл. Ян Павел ІІ апошні раз прыбыў у Асізі 24 студзеня 2002 г., пасля тэрактаў 11 верасня 2001 г. Ён запрасіў прадстаўнікоў усіх рэлігіі свету асудзіць тэрарызм, які акрэсліў як злачынства супраць чалавецтва, а таксама фундаменталізм, які вядзе да яго.

Былы старшыня Папскай рады “Iustitia et Pax” адзначыў, што чацьвёртая сустрэча, 27 кастрычніка 2011 г., з’яўляецца працягам папярэдніх. “Сустрэчы ў Асізі не створаны выключна для “прафесіяналаў” па міжрэлігійным дыялогу, у ёй прымаюць удзел “аматары”, якімі з’яўляемся ўсе мы, хто намагаецца адшукаць праўду і мір у свеце”, - сказаў у заключэнні кардынал Эчэгарай.








All the contents on this site are copyrighted ©.