2011-10-26 15:24:44

"Веру, ведаю, разумею". Духоўная барацьба


RealAudioMP3 Сёння мы пачынаем новы цыкл разважанняў пад назвай “Зброя святла”, у якіх нам будуць дапамагаць катэхезы падрыхтаваныя спецыяльна для нашага радыё, ужо нам знаёмым італьянскім святаром, біблістам і вядомым катэхетам кс. Фабіо Росіні. Нашу першую, уводную праграму мы назавём “Духоўная барацьба”. У ёй мы пагаворым аб сэнсе і змесце нашых будучых сустрэч.

Біблійны тэкст, на якім будуць грунтавацца нашыя разважанні характэрызуецца вельмі незвычайным вайсковым зместам. Апостал Павел, напрыканцы свайго паслання да Эфесцаў (6, 10-18), даючы сваім вучням парады для добрага хрысціянскага жыцця, праводзіць аналогію з вайной і, у той жа час, пералічвае сродкі, віды зброі, неабходныя для таго, каб добра весці гэту вайну. Згаданая зброя з’яўляецца вельмі незвычайнай. Ітак, я думаю будзе лепш адразу прачытаць гэты тэкст:

“Нарэшце, браты, мацуйцеся ў Пану магутнасцю сілы Ягонай. Апраніцеся ва ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаяць ашуканствам д’ябла. Бо нашая барацьба не супраць крыві і цела, але супраць Панаванняў, супраць Уладаў, супраць гаспадароў цемры свету гэтага, супраць нябесных духаў злосці.

Дзеля гэтага прыміце ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаяць у дзень ліхі і, усё адолеўшы, выстаяць.

Таму станьце, падперазаўшы сцёгны свае праўдаю, і апрануўшыся ў панцыр справядлівасці, і абуўшы ногі ў гатовасць дабравесціць спакой. А разам з усім вазьміце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы злога. І шлем збаўлення вазьміце, і меч духоўны, якім ёсць слова Божае.

Ва ўсялякай малітве і просьбе маліцеся ў Духу пры кожнай нагодзе. А дзеля гэтага дбайце з усёй стараннасцю і маліцеся за ўсіх святых і за мяне".

Як вы заўважылі гэты фрагмент мае вайсковы характар. У той жа час ставіць вельмі шмат пытанняў: што гэта значыць – узяць меч духоўны, якім з’яўляецца Божае слова; або што значыць падперазаць сцёгны праўдай і апрануць шлем збаўлення? Адказы на ўсе гэтыя пытанні мы дадзім на працягу нашых праграм.

Трэба зразумець, што тое, аб чым гаворыць апостал Павел, гэта зброя, якой павінен валодаць кожны ахрышчаны, каб упоўні жыць сваёй верай. Аднак нас можа збянтэжыць такі вайсковы, змагарскі, баявы характар гэтага фрагмента. Важна таксама зразумець, што Святое Пісанне нам хоча сказаць такім лінгвістычным стылем, бо ў Бібліі ёсць шмат прыкладаў войнаў і вельмі многае залежыць ад разумення таго, на што нам указваюць гэтыя прыклады, г.зн. навошта патрэбны апавяданні аб войнах.

Мы не разглядаем гісторыю, у тым ліку і біблійную, без святла Езуса Хрыста, бо толькі наш Пан, з’яўляецца ключом, для разумення усіх біблійных тэкстаў, асабліва тэкстаў Старога Запавету, у якім найбольш распавядаецца аб войнах. А таксама, каб зразумець жыццё і адказаць на ўласныя выклікі.

Гэты тэкст кажа аб тым, што ўсё ў нашым жыцці мае сваё месца – таксама і вайна і барацьба. Менавіта на гэта ўказвае апостал Павел. Святы адзначае: “наша барацьба не супраць стварэнняў з крыві і цела”. Барацьба менавіта наша, бо існуе таксама барацьба, якая нашай не з’яўляецца. У жыцці кожнага часта прысутнічаюць памылковыя, непатрэбныя войны – войны ад якіх толькі губляеш. Але існуе па-сапраўднаму наша барацьба: справядлівая, асабістая – мая ці твая. Таму кожны з нас павінен спытаць самаго сябе – у якой барацьбе прымаю ўдзел – у сваёй ці памылковай?

Тут паўстае яшчэ адно пытанне – а ці я маю ворага? У Евангеллі ад Лукі ёсць адно выказванне, вельмі моцнае, ад якога нават ледзянееш, калі паглядзіш на яго з перспектывы збаўлення: Езус, пасля аповеду прыпавесці аб беднай удаве пытаецца – “Сын Божы, калі вернецца, ці знойдзе веру на зямлі?” Знойдзе канешне, але ўзнікае пытанне – ці веру можна згубіць? Так, веру можна згубіць. Вера гэта не дар, які заўсёды будзе ляжаць у нашай кішэні. Езус кажа аб гэтым напрыканцы апавядання аб барацьбе беднай удавы, якая штодзённа, настырна паўтарала перад суддзёй словы, якімі, нарэшце, прымусіла выканаць яго абавязак: “Абарані мяне ад майго ворага”. Абарані мяне ад майго ворага – вера залежыць ад гэтай свядомасці – у нашым жыцці ёсць вораг.

Ітак. Мы ўбачылі што ў жыцці кожнага з нас ёсць барацьба і ёсць вораг. Але што гэта за вораг? Адной з самых небяспечных рэчаў для чалавека з’яўляецца няведанне ўласных ворагаў. Неабходна зразумець, хто з’яўляецца сапраўдным ворагам. Вельмі часта людзі гэтага свету змагаюцца з памылковымі ворагамі і праблема заключаецца ў тым, каб змагацца з правільным ворагам. Але хто ён? Апостал Павел кажа: “умацоўвайцеся Панам і магутнасцю сілы Яго.

Апраніцеся ў зброю Божую, каб маглі вы супрацьстаяць спакусам сатаны”. Ён ясна указвае, што барацьба будзе адбывацца з сатаной, з д’ябалам. Нажаль, у нашым хрысціянскім жыцці мы не шмат увагі звяртаем на яго. Але кожны раз калі молімся “Ойча наш” мы просім, каб Бог выбавіў нас ад злога. Злы існуе. І вельмі небяспечна думаць, што злы не як не тыцыцца чалавека, жыве недзе ў сваім вымярэнні, у іншай рэальнасці. У Евангеллі вельмі шмат гавораць аб сатане. Езус пастанна яго перамагаў. У нашым жыцці мы больш прызвычаіліся дэманізаваць іншых людзей. Мы прызвычаіліся думаць, што чалавек гэта адзіны аўтар і вытворца ўсёй той цемры, што пануе ў свеце. Касцёл у гэта не верыць, не верыць, што чалавек па сваёй прыродзе злы. Касцёл верыць, што чалавек можа быць рабом граху і зла. Але ніколі чалавек не можа быць злом. Ён толькі чыніць зло. Важна аб гэтым заўсёды памятаць – ёсць злы, сатана, які выкарыстоўвае чалавека.








All the contents on this site are copyrighted ©.