2011-10-25 16:50:12

Іерусалім: афіцыйнае адкрыццё табліцы з малітвай “Ойча наш” па-беларуску


RealAudioMP3 Сёння здейснілася мара беларускіх католікаў. Раніцай 25 кастрычніка ў Іерусаліме была асвечана табліца з малітвай “Ойча Наш” па-беларуску, якую ўсталявалі на сцяне храма “Pater Noster”. На св. Імшы, падчас якой асвяцілі “малітву ў камяні”, прысутнічалі ўсе беларускія біскупы, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу і шматлікія пілігрымы. Усе яны накіраваліся на Святую Зямлю з галоўнай мэтай – даць сведчанне аб Каталіцкім Касцёле ў Беларусі.

На сценах “Pater Noster”, або як яго яшчэ называюць – Касцёла Нацый, ужо размешчана 130 табліц з галоўнай хрысціянскай малітвай на розных мовах. Пілігрымка з нагоды асвячэння “нашай” табліцы атрымалася агульнанацыянальнай – у Іерусалім прыляцелі больш за 150 вернікаў з усёй Беларусі. І для ўсіх гэта падзея стала сапраўдным святам.

Беларусам дазволілі зрабіць даволі вялікую табліцу – 2 м увышыню і 1,2 м ушырыню – і гэта нягледзячы на тое, што на сцяне храма засталося не шмат свабоднай плошчы. Бо касцёл гэты знакавы – менавіта на гэтым месцы Збаўца навучыў маліцца сваіх вучняў, упершыню прамовіўшы словы “Ойча Наш”. У пілігрымаў разнастайная праграма, але галоўнае тое, што многія з іх упершыню дакрануліся да гэтай святыні.
Падчас св. Імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаў пажаданне, каб малітва каля гэтай табліцы дапамагала ўсім, хто будзе звяртацца з просьбай да Бога. А таксама праслаўляла беларускую культуру і нагадвала аб нашай Бацькаўшчыне мільёнам пілігрымаў з усяго свету, якія штодзённа прыбываюць у Іерусалім.








All the contents on this site are copyrighted ©.