2011-10-24 12:04:51

Папская рада “Iustitia et pax”: неабходна новая наднацыянальная ўлада


RealAudioMP3 24 кастрычніка Папскай радай “Iustitia et pax” было апублікавана спецыяльнае пасланне прысвечанае праблемам сусветнага эканамічнага і фінансавага крызіса, “які выявіў эгаізм, калектыўную прагнасць і празмернае назапашванне дабротаў”. Сваім дакументам, пад назвай “Для рэформы міжнароднай фінансавай сістэмы ў пэрспектыве публічнай улады з паўсюднымі кампетэнцыямі”, папская дыкастэрыя жадае дапамагчы прадстаўнікам розных формаў улады, а таксама ўсім людзям добрай волі, адпаведна адказаць на выклік крызіса, бо “пад пагрозай знаходзіцца супольнае дабро чалавецтва і яго будучыня”.

У пасланні Папскай рады асуджаецца эканамічны лібэралізм без правіл і кантроля, а таксама панаванне трох сучасных ідэалогій: утылітарызма, індывідуалізма і тэхнакратызма.

“Карані крызіса маюць не толькі эканамічную ці фінансавую прыроду, але перш за ўсё маральную. Эканоміка мае патрэбу ў этыцы для свайго добрага функцыянавання”, - цытуюцца ў дакуменце словы Бэнэдыкта XVI. Прадстаўнікі Папскай рады прапануюць правесці міжнародную фінансавую рэформу, з мэтай большага кантроля за фінансамі на глабальным узроўні. “Неабходна стварэнне мінімальнага блока правіл, каб кіраваць сусветным фінансавым рынкам”, - адзначаецца ў пасланні. Падкрэсліваецца неабходнасць стварэнне новага інстытута, які мог бы выконваць функцыю “Цэнтральнага сусветнага банка”, г.зн., кіраваць фінансавай сістэмай накшталт цэнтральных нацыянальных банкаў.

Акрамя таго, звяртаецца увага на тэрміновую патрэбу у новым наднацыянальным органе палітычнай улады, які народзіцца з свабоднай волі дзяржаў і будзе служыць супольнаму дабру ўсіх. Папская рада заклікае пакінуць “вестфальскую” сістэму міжнародных адносін, і скіравацца да большай інтэграцыі.

“Уключыцца ў гэты працес перамен – гэта місія адначасова сацыяльная і духоўная. Перайсці ад вавілонскага духа, у якім пануюць падзелы, да духа адзінства у Духу Пяцідзесятніцы. Толькі дух згоды, які пераможа падзелы і канфлікты, дазволіць чалавецтву быць па-сапраўднаму адзінай сям’ёй”, - адзначаецца ў пасланні.








All the contents on this site are copyrighted ©.