Бэнэдыкт XVI скіраваў пасланне да вайсковых ардынарыяў
22 кастрычніка Бэнэдыкт
XVI прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў Міжнароднай сустрэчы вайсковых ардынарыяў, якая
праходзіць у Рыме па ініцыятыве Кангрэгацыі па справах Біскупаў і Папскай рады “Iustitia
et pax”.
У сваёй прамове Святы Айцец падкрэсліў, што мерапрыемства праходзіць
у 25-ю гадавіну апублікавання Апостальскай канстытуцыі “Spirituali militum curae”
(“Духоўны клопат аб ваенных”), аўтарам якой быў Ян Павел ІІ. “У 25-годдзе гэтага дакумента
неабходна прызнаць, што вайсковыя ардынарыі паказалі, што набылі евангельскі стыль,
прыстасаваўшы пастырскія структуры да тэрміновых патрэб новай евангелізацыі”, - сказаў
Папа.
Пантыфік падкрэсліў, што калі задачай вайсковых ардынарыяў, з’яўляецца
зрабіць магчымай сустрэчу з Езусам Хрыстом і жыццёвую святасць людзей, то святары,
якія выконваюць гэту місіі, павінны самі мець добрае чалавечае і духоўнае выхаванне,
клапаціцца аб развіцці ўласнага ўнутранага жыцця, быць адкрытымі на дыялог, і такім
чынам дапамагаць у цяжкасцях людзям ім давераным.
Бэнэдыкт XVI адзначыў важнасць
выхавання ў ваенных сапраўднай хрысціянскай любові, якая неабходна ў выкананні іх
місіі. “Я думаю перш за ўсё аб любові, якую салдат з адвагай павінен аказваць ахвярам
землятрусаў і паводкаў, бежанцам і найбольш слабым. Я думаю аб любові, якую салдат
павінен мець рызыкуючы сваім жыццём пры размініраванні, будучы у цэнтры ваенных дзеянняў,
або выконваючы міратворчую дзейнасць, кантралюючы, каб браты не забівалі адзін аднаго
”, - адзначыў Пантыфік.
“Евангелізацыя ў вайсковай сферы патрабуе адказнасці,
каб таксама і тут, прапаведванне было заўсёды новым, упэўненым і напоўненым радасцю
Езуса Хрыста, адзінай надзеі на жыццё і мір для чалавецтва”, - падкрэсліў Бэнэдыкт
XVI.