2011-10-23 12:14:50

Бэнэдыкт XVI кананізаваў трох благаслаўлёных


RealAudioMP3 23 кастрычніка, падчас св. Імшы, якая прайшла на плошчы св. Пятра ў Рыме, Бэнэдыкт XVI здзейсніў урачыстую кананізацыю біскупа Гвіда Марыя Канфорці, кс. Луіджы Гуанэлла і законніцы Баніфацыі Радрыгез Дэ Кастра.

У сваёй гаміліі, Святы Айцец, разважаючы над сённяшнім фрагментам Евангелля, адзначыў, што увесь Божы Закон абагульняецца ў любові. Папа падкрэсліў, што Езус, адказваючы на пытанне аб найвялікшай запаведзі, да слоў “Любі Пана Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёю душой тваёй і ўсім розумам тваім”, дадае таксама “Любі бліжняга твайго, як сябе самога”.

Абвяшчаючы, што другая запаведзь падобная да першай, Езус дае зразумець, што любоў да бліжняга важна так, як любоў да Бога. Сапраўды, бачным знакам, які хрысціяне могуць паказаць свету, зяўляецца любоў да Бога і да братоў. Дзякуючы Божаму Провіду, Касцёл менавіта сёння ўказвае сваім членам на трох новых святых, якія дазволілі Боскай любові перамяніць сябе і стаць сутнасцю свайго існавання. У розных сітуацыях і маючы розныя харызматы, яны любілі Пана ўсім сэрцам, а бліжняга як сябе самога, і такім чынамсталі ўзорам для ўсіх вернікаў”.

Бэнэдыкт XVI акрэсліў жыццё і служэнне св. Гвіда Марыя Канфорці , згодна са словамі сённяшняга псальма, які заклікае з даверам аддацца ў рукі Пана, які заўсёды “свайго памазаніка адорвае міласэрнасцю”. “Яго жыццё было поўным выпрабаванняў і цяжкасцяў, але ён прымаў іх з паслухмянасцю і лічыў указальнікамі на шляху, ўстаноўленымі Божым Провідам, - сказаў Папа - Ён сам заўсёды чыніў тое, чаму навучаў сваіх паплечнікаў місіянераў, а менавіта, што дасканаласць заключаецца ў выкананні Божай волі, па прыкладу Езуса Укрыжаванага”.

Папа, таксама назваў асаблівай ласкай для ўсяго Касцёла, чалавечае сведчанне св. Луіджы Гуанэлла, “сябра і настаўніка самых слабых і бедных”. “Любоў Бога запальвала ў ім жаданне дабра для людзей, якія яму былі давераны”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI. Пантыфік назваў новага святога “сапраўдным прарокам, апосталам любові” і “прыкладам глыбокага злучэння малітвы і дзейнасці”.

Частку сваёй гаміліі прысвечанай трэццяй кананізаванай сёння асобе Баніфацыі Радрыгез Дэ Кастра, Святы Айцец прамовіў на іспанскай мове. Гаворачы аб новай святой, Папа адзначыў, што святасць Баніфацыі Дэ Кастра нарадзілася ў яе штодзённай працы, якую яна выконвала са старанасцю і адказнасцю, а таксама разумела як рэалізацыю свайго паклікання. Заснавальніца кангрэгацыі сясцёр св. Юзэфа, “можа стаць заступніцай для ўсіх працаўнікоў” і “навучыць нас пасярод штодзённай працы бачыць каля сябе сяброўскую руку Бога”, адзначыў Святы Айцец.

Буду любіць Цябе, Пане, моц мая”. Так, дарагія браты і сёстры мы спявалі ў сённяшнім рэспансарыйным псальме. Знакам гэтай гарачай любові да Бога зяўляюцца тры новыя святыя. Углядзімся ў іх прыклад, дазволім ім весці нас праз іх навучанне, каб уся наша сутнасць стала сапраўдным сведчаннем любові да Бога і да бліжняга”.

Пасля заканчэння урачыстай св. Імшы, Папа прывітаў прысутных на плошчы св. Пятра прадстаўнікоў супольнасцяў заснаваных сённяшнімі святымі, а таксама суайчыннікаў кананізаваных св. Гвіда Марыя Канфорці, св. Луіджы Гуанэлла і св. Баніфацыі Радрыгез Дэ Кастра. Затым разам усімі з прысутнымі вернікамі Папа памаліўся “Анёл Панскі”.








All the contents on this site are copyrighted ©.