2011-10-22 14:48:37

Патрыярх Іерусаліма: “арабская вясна” стала зімой


RealAudioMP3 “З часам “арабская вясна” стала восенню ці зімой”, - сказаў у інтэрв’ю агенству “SIR” лацінскі Патрыярх Іерусаліма Фуад Тваль з нагоды першай гадавіны Сінода біскупаў для Блізкага Ўходу, які праходзіў 10-24 кастрычніка. Іерарх адзначыў, што у першы момант у “арабскай вясне” не было фанатызма і палітычнай афарбоўкі, але з цягам часу ў гэты працэс уключыліся пэўныя сілы, якія выкарысталі яе плёны.

Патрыярх адзначыў, што зараз невядома, куды гэты працес можа прывесці і выказаў пажаданне, каб міжнародная супольнасць зразумела магчымыя негатыўныя наступствы і працавала для дабра грамадзян, незалежна ад таго, ці з’яўляюцца яны хрысціянамі, друзамі, яўрэямі ці мусульманамі.

“Добрым жэстам” назваў Патрыярх Іерусаліма вызваленне ізраільскага капрала Гілада Шаліта. “Мы увесь час імкнемся спрыяць развіццю дыялога паміж ізраільцянамі і рухам Хамас. Неабходна ўсталяваць мір і не баяцца пакінуць некаторыя звычкі і табу, якія не дазваляюць размаўляць з той ці іншай групай. Я не бачу ніякай праблемы ў наладжванні размовы”, - сказаў Патрыярх і дадаў, што спадзяецца на “працяг дзейнасці ў гэтым накірунку, каб даць народам надзею і каб палітыкі змаглі заручыцца іх даверам”.









All the contents on this site are copyrighted ©.