2011-10-22 19:02:52

Кс. Ігар Лашук: парафія бл. Яна Паўла ІІ – знак падзякі Папе ад народа Беларусі


RealAudioMP3 22 кастрычніка, у дзень калі Каталіцкі Касцёл мае першы ў гісторыі літургічны ўспамін бл. Яна Паўла, у Ватыканскай базыліцы адбылася ўрачыстая св. Імша якую ўзначаліў кардынал Станістаў Дзівіш – сябра і блізкі супрацоўнік благаслаўлённага Папы. У літургіі прынялі ўдзел некаторыя святары з Беларусі, сярод якіх кс. Ігар Лашук, ініцыятар рэгістрацыі парафіі бл. Яна Паўла ІІ у Мінску. У інтэрв’ю нашаму радыё святар расказаў аб сваёй першай сустрэчы з Папам і аб ініцыятыве стварэння парафіі яго імя ў Мінску.

Кс. Ігар, для вас асоба Яна Паўла ІІ зяўляецца вельмі блізкай. Ці вы памятаеце якія-небудзь асаблівыя моманты ў сваім жыцці звязаныя з благаслаўлёным Папам?

Я памятаю некалькі сустрэч з Янам Паўлам ІІ. Самая першая адбылася ў 1989 г. Я тады, як клерык Рыжскай духоўнай семінарыі быў у Рыме на свята Божага Нараджэння і ўдзельнічаў у вігілійнай сустрэчы. Адзін са святароў, кс. Аўгустын Дзендзель, запрасіў нас тады на аўдыенцыю да Папы. Я памятаю, калі Ян Павел ІІ праходзіў каля першага рада, ён падыйшоў да мяне. Я адразу, ад хвалявання забыў усе свае веды польскай мовы, але сказаў, што паходжу з Беларусі. Ён затрымаўся і пераспытаў: “Сапраўды з Беларусі?”. Шчыра кажучы, я быў першым клерыкам якога ён сустрэў з Савецкага Саюза. Ён спытаў адкуль менавіта я паходжу. Я адказаў, што з-пад Баранавіч, недалёка ад Нясвіжа. Ён сказаў: “Так, ведаю канешне!”. Са мной быў тады, яшчэ як дыякан, кс. Міхал Сапель. Потым Папа і да яго падыйшоў.

Кс. Ігар, вы зяўляецеся ініцыятарам стварэння адной з першых у свеце і першай у Беларусі парафіі пад тытулам бл. Яна Паўла ІІ. Раскажыце калі ласка аб гэтай ініцыятыве.

Я быў ініцыятарам рэгістрацыі гэтай парафіі, таму я папрасіў дазвола Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, а затым знайшоў 20 чалавек неабходных для рэгістрацыі. 22 жніўня Касцёл ў Беларусі атрымаў дазвол на ўспамін бл. Яна Паўла ІІ, а праз некалькі дзён, 25 жніўня, прыйшлі дакументы, якімі падцвярджалася рэгістрацыя парафіі. Ян Павел ІІ, нажаль, ніколі не быў у Беларусі, а зараз адна з першых парафій, якая з’явілася ў свеце пад яго тытулам, узнікла менавіта ў нашай краіне. Я думаю, што храм, які напэўна будзе збудаваны, стане падзякай Папе ад Касцёла у Беларусі, бо менавіта Ян Павел ІІ даў яму новае дыханне. Ён устанавіў межы дыяцэзій, ён кансэкраваў першых іерархаў, першага беларускага біскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Таму парафія Яна Паўла ІІ стане знакам удзячнасці нашага народа гэтаму вялікаму чалавеку. Я дзякую Богу, што прыйшло натхненне зарэгістраваць гэту парафію і вельмі хачу, каб яна дзейнічала. Для мяне гэта не толькі сэнс жыцця, але жаданне зрабіць шмат для маёй Беларусі, для хвалы Бога і збаўлення людзей.

Дзякуй вам за гэтую размову, ад імя ўсёй рэдакцыі Ватыканскага радыё жадаю вам поспехаў у вашай пастырскай дзейнасці і ўсіх неабходных Божых ласк.








All the contents on this site are copyrighted ©.