2011-10-21 11:32:05

Апостальская Сталіца: смерць Каддафі паклала канец жорсткаму рэжыму


RealAudioMP3 “Навіна аб смерці палкоўніка Муаммара Каддафі паклала канец доўгаму і трагічнаму перыяду крывавай барацьбы з рэпрэсіўным і жорсткім рэжымам”, - гаворыцца ў паведамленні Залі Друку Апостальскай Сталіцы, апублікаваным у сувязі з забойствам былога лівійскага кіраўніка.

Адзначаецца, што драматычныя падзеі ў Лівіі заклікаюць да разважання над коштам вялікіх чалавечых пакут, якія суправаджаюць устанаўленне ці падзенне кожнай сістэмы, якая не грунтуецца на павазе да годнасці чалавека. Адначасова Апостальская Сталіца заклікае новыя ўлады Лівіі тэрмінова пачаць працэс прымірэння і адбудовы краіны, у духу адкрытасці, на падставе справядлівасці і закона; а таксама міжнародную супольнасць дапамагчы аднаўленню Лівіі.

“Са свайго боку, маленькая каталіцкая супольнасць, працягне даваць сваё сведчанне і бескарыснае служэнне асабліва ў дабрачыннай і медыцынскай сферах, і Апостальская Сталіца усімі сродкамі, якімі валодае ў галіне міжнародных адносін, будзе спрыяць духу справядлівасці і міра”, - гаворыцца ў паведамленні.

Звяртаецца ўвага на тое, што Святы Пасад ужо меў кантакты з новымі ўладамі Лівіі, падчас якіх, адбодвума бакамі падкрэслівалася важнасць падтрымання дыпламатычных адносін, і ў той жа час, Апостальская Сталіца выказала сваю падтрымку лівійскаму народу ў пераходны перыяд.

Таксама, аб смерці Кадафі выказаўся старшыня Папскай рады “Iustitia et pax” кардынал Пітэр Тарксан, які адзначыў, што свет не можа святкаваць смерць чалавека, нават злачынцы. “У Лівіі, як і ва ўсёй Паўночнай Афрыцы для сапраўднай “арабскай вясны” не дастаткова “свабоды ад пэўных лідэраў”, але неабходна “свабода для ўсіх”, якая будзе паважаць правы таксама і хрысціянскай меншасці. Тое, што адбылося, не толькі ўнутраная справа Лівіі, бо Лівія з’яўляецца часткай міжнароднай супольнасці. Мэтай павінна быць прымірэнне. Бо, як і ў Іраку, пасля смерці Хусэйна, так і ў Лівіі, ёсць тыя, хто плача з прычыны смерці Кадафі. Прымірэнне з’яўляецца неабходным, каб Лівія развівалася як нацыя”.








All the contents on this site are copyrighted ©.