Святы Айцец спачувае ў сувязі з забойствам святара на Філіпінах
Бэнэдыкт XVI скіраваў
спачувальную тэлеграму на імя біскупа дыяцэзіі Кідапаван на Філіпінах Ромула дэла
Круза, у сувязі з забойствам італьянскага місіянера айца Фаўсто Тэнторыё, які на працягу
32 гадоў працаваў у гэтай дыяцэзіі.
Папа выразіў вялікі смутак і спачуванні
вернікам мясцовай каталіцкай супольнасці і паплечнікам айца Тэнторыё, а таксама высока
ацэніў “сведчанне гэтага добрага і вернага святара, які нястомна і мужна служыў філіпінскаму
народу на працягу многіх гадоў”. Святы Айцец заклікаў “адмовіцца ад гвалту і пачаць
будаўніцтва справядлівага і мірнага грамадства, у якім усе жыхары будуць жыць у гармоніі”.
Айцец Фаўсто Тэнторыё быў забіты невядомымі раніцай 17 кастрычніка, калі пасля
св. Імшы накіроўваўся на сустрэчу законнікаў, якія працуюць у дыяцэзіі Кідапаван.