2011-10-20 12:28:50

Папа прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю аўстралійскіх біскупаў


RealAudioMP3 20 кастрычніка Бэнэдыкт XVI прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю аўстралійскіх біскупаў, якія прыбылі ў Рым з візітам “Ad limina Apostolorum”. У сваёй прамове да іерархаў Папа звярнуў увагу на “два моманты асаблівай ласкі”, якія перажыў Касцёл у гэтай краіне на працягу апошніх гадоў: Сусветныя дні моладзі ў 2008 г. і кананізацыю бл. Марыі Маккілап у 2010 г.

Святы Айцец заклікаў біскупаў працягваць спрыяць захаванню і пашырэнню духа моладзевага форума, для таго, каб сярод моладзі паглыблялася вера ў Хрыста і павялічвалася колькасць пакліканняў да святарства і манаства. З іншага боку Пантыфік адзначыў, што прыклад жыцця св. Марыі Маккілап можа дапамагчы ў справе выхавання і вырашэння праблем звязаных з сучасным крызісам. “Адважная пазіцыя св. Марыі Маккілап, перад абліччам цяжкасцяў, з якімі яна сустракалася на працягу жыцця, можа натхняць католікаў сёння, у справе новай евангелізацыі і пераадоленні праблем з распаўсюджваннем Евангелля”, - сказаў Папа.

Звяртаючы ўвагу на неабходнасць актыўнай адукацыйнай і катэхетычнай працы Папа заклікаў знаёміць з каталіцкай верай разумна і з адкрытасцю. “Калі духавенства і свецкія вернікі будуць даваць сведчанне веры словам і прыкладам, яно будзе больш пераканаўчым і прывабным. Людзі добрай волі, калі ўбачаць ваша сведчанне, будуць таксама імкнуцца да праўды і дабра”, - адзначыў Святы Айцец.

19 кастрычніка Бэнэдыкт XVI прыняў удзел у адкрыцці “Domus Australia” (“Аўстралійскага дома”) у Рыме. У гэтым месцы змогуць размяшчацца пілігрымы з усёй Акеаніі, якія прыбываюць у Вечны горад, каб ушанаваць магілы св. Пятра і св. Паўла. Цытуючы словы Гётэ Папа сказаў, што задачай бацькоў з’яўляецца даць дзецям “карані і крылы”, а Касцёл дае іх праз веру. “Сённяшняя падзея паказвае нам плёны місіянерскай дзейнасці Касцёла, дзякуючы якому, Евангелле дасягнула самых далёкіх куткоў света, укаранілася і дала жыццё новай хрысціянскай супольнасці – квітнеючай і актыўнай”, - адзначыў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.