2011-10-20 16:00:51

Кардынал Эчэгарай: захаваць мір цяжэй, чым пачаць вайну


RealAudioMP3 Напярэдадні разважанняў і малітвы за мір, якая пройдзе 27 кастрычніка ў Асізі, кардынал Ражэ Эчэгарай, былы старшыня Папскай рады “Iustitia et pax”, у інтэрв’ю агенству “SIR” расказаў аб гісторыі гэтага мерапрыемства сведкам якога ён быў 25 год таму.

Іерарх адзначыў, што Касцёл і чалавецтва у той час жылі ва ўмовах халоднай вайны – у вельмі цяжкі перыяд для адказных за мір у свеце. “Ян Павел ІІ быў прызнаным апосталам супокою, і акрамя таго, ў 1986 г., ААН абвясціла міжнародны дзень міра”, - падкрэсліў кардынал. Ён расказаў, што да Папы звярнуўся сусветна вядомы нямецкі фізік, Карл Фрыдрых вон Вайцсакер, з просьбай правесці “Сусветны Сабор для супакою”. “Папа з вялікай увагай прачытаў яго пасланне і звярнуўся да мяне, каб падумаць над гэтай прапановай, бо я ў той час узначальваў дыкастэрыю, якая займалася праблемамі справядлівасці і міра,”, - ўзгадаў кардынал Эчэгарай. Іерарх расказаў, што прапанова абмяркоўвалася ў асяродку шматлікіх тагачасных іерархаў і нарэшце ўзнікла ідэя арганізаваць малітву за мір. “Сам Папа прапанаваў правесці яе ў Асізі, горадзе св. Францішка, які ён вельмі любіў і яму здавалася, што гэта найлепшае месца, для малітоўнай сустрэчы лідэраў сустветных рэлігій”, - сказаў кардынал.

“Гэта было па-сапраўднаму нешта новае і Папа вельмі хваляваўся, як арганізаваць малітву, каб пазбегнуць рознага рода сінкрэтызма. Былі канешне і праціўнікі гэтай ідэі, асабліва сярод лефебрыстаў, якія абвінавачвалі Святога Айца у тым, што ён лічыць усе рэлігіі раўнымі. - адзначыў іерарх – Папа вельмі пакутаваў з-за гэтага. Малітва ў Асізі - гэта была ўнікальная ініцыятыва у Касцёле і увогуле ў хрысціянскіх Цэрквах”.

Кардынал Эчэгарай расказаў, што падрыхтоўка да правядзення малітвы працягвалася на працягу 10 месяцаў і Папа прысвяціў ёй 4 катэхезы падчас агульных аўдыенцый, каб падрыхтаваць вернікаў.

“Малітва ў Асізі стала вялікім крокам наперад, бо менавіта дзякуючы ёй чалавецтва магло ўбачыць, што ўсе людзі – члены адной сям’і, браты, незалежна ад рэлігіі да якой прыналежаць. Усе браты, бо ўсе залежаць ад аднаго Стварыцеля, Бога, Айца. Аднак больш складана захаваць мір, чым пачаць вайну, і малітва гэта толькі спосаб каб спрыяць супакою”, - адзначыў іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.