Беларусь рыхтуецца прыняць прэстыжны рэлігійны форум
З 13 па 15 лістапада
ў Мінску адбудзецца міжнародная канферэнцыя “Праваслаўна-каталіцкі дыялог”. Гэта ўжо
восьмая сустрэча такога высокага ўзроўню з цыклу так званых “дыялогаў”. Папярэднія
былі прысвечаны не толькі ўзаемаадносінам паміж хрысціянамі, але і мусульманамі, і
юдэямі. Па-першае, мэта сустрэчы выцякае з назвы: гэта дыялог і абмен вопытам іерархаў,
багасловаў, увогуле ўсіх зацікаўленых і неабыякавых. Па-другое, такая размова, і гэта
ўжо праверана, становіцца пачаткам новых суместных праектаў паміж прадстаўнікамі розных
канфесій – навуковых, сацыяльных, выдавецкіх – адзначыў першы віцэ-старшыня Міжнароднага
грамадскага аб’яднання “Хрысціянскі адукацыйны цэнтр Святых Мятода і Кірыла” Грыгорый
Даўгяла.
Чакаецца, што ў Мінск з Ватыкана для ўдзелу ў канферэнцыіі прыбудзе
старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох, а таксама
шматлікія госці з Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Польшчы, Германіі, Бельгіі і Канады.
Тэма ўжо вызначана – хрысціянскія этычныя каштоўнасці як уклад у сацыяльнае жыццё
Еўропы. Рэлігія і плюралізм, дзяржава і Царква, эканамічны крызіс і крызіс веры –
гэта няпоўны спіс пытанняў, якія ўздымуць эксперты. Форум – унікальная магчымасць
для Цэркваў пачуць адна адну, а для грамадства – пачуць гучны голас Царквы.
Акрамя
так званай інтэлектуальнай складаючай (плянарныя пасяджэнні, круглыя сталы) госці
ўзбагацяцца духоўна: наведаюць праваслаўную і каталіцкую літургіі, сустрэнуцца са
студэнтамі Інтытута тэалогіі БДУ. Адбудзецца адмысловы канцэрт, у якім прагучыць вечная
музыка, “Рэквіем” Моцарта – у памяць аб кардынале Казіміру Свёнтку. Арганізатарамі
канферэнцыі з’яўляюцца Хрысціянскі адукацыйны цэнтр Святых Мятода і Кірыла, Беларуская
Праваслаўная Царква і Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Форум не паспеў пачацца, але
ўжо сёння вядома – ён будзе мець рэзананс – заяўкі на удзел у “дыялогу” працягваюць
прыходзіць амаль кожны дзень – і з Усходу, і з Захаду.