Вялікабрытанія: ініцыятыва біскупаў для непрактыкуючых католікаў
12 лістапада у Ёрку,
пачнецца цыкл сустрэч у цэнтры ўвагі якіх будуць католікі, якія перасталі практыкаваць
веру і не прымаюць удзела ў жыцці парафій. Такіх людзей ў краіне налічваецца больш
за 4 млн. чалавек, што складае 2/3 усіх католікаў Англіі і Уэльса. Менавіта іх праблемы
будуць разглядацца падчас 5 спецыяльных мерапрыемстваў, арганізатарам якіх з’яўляецца
Канферэнцыя Біскупаў Англіі і Уэльса, і што пройдуць у розных гарадах Вялікабрытаніі:
Ёрку, Бірмінгеме, Кроўлі, Вэстмінстэры і Кардзіфе.
Першая сустрэча, мэта якой
заключаецца таксама ў тым, каб узгадаць аб мінулагоднім візіце Бэнэдыкта XVI у гэту
краіну, пройдзе 12 лістапада і будзе прысвечана тэме: “Пераступіць парог. Служэнне
і місія сярод непрактыкуючых католікаў”. Увага будзе звернута на шматлікія санктуарыі,
якія часта наведваюць таксама і непрактыкуючыя католікі, але тым не менш не прымаюць
удзелу ў рэлігійных урачыстасцях і касцёльным жыцці.
Кс. Кларк Вард, кіраўнік
аддзела катэхізацыі пры Канферэнцыі Біскупаў Анлгіі і Уэльса, расказаў, што “падчас
сустрэч будуць разглядацца тры фундаментальныя пытанні, якія маюць ключавое значэнне
ў тым, каб дасягнуць гэтых людзей. Першае заключаецца ў тым, якім чынам магчыма звязацца
з імі і даць ім адчуць, што Касцёл іх чакае. Іншай справай з’яўляецца заахвоціць іх
да прыняцця сакрамэнта прымірэння. І нарэшце трэццяй праблемай з’яўляецца тое, як
наладзіць сувязь з людзьмі, якія ў якасці валанцёраў працуюць на карысць бедных”.
Кс. Вард адзначыў, што для рэалізацыі гэтых мэтаў у будучыні неабходна стварыць
парафіяльныя групы свецкіх вернікаў, якія будуць спрыяць рашэнню гэтых праблем.