2011-10-16 11:07:28

Cвяты Айцец абвясціў Год веры, каб даць новы імпульс місіі Касцёла


RealAudioMP3 16 кастрычніка Бэнэдыкт XVI узначаліў св. Імшу для удзельнікаў сустрэчы, якая праходзіць па ініцыятыве Папскай рады па новай евангелізацыі ў Рыме на тэму: “Новыя евангелізатары для новай евангелізацыі”.

У сваёй гаміліі Пантыфік звярнуў увагу на актуальнасць сённяшніх літургічных чытанняў і фрагмента Святога Евангелля ў кантэксце тэмы, якой, прысвечаны форум. Гаворачы аб чытанні паводле прарока Ісаі аб адзіным Богу, Папа адзначыў, што гэты фрагмент паказвае нам тэалагічнае бачанне гісторыі: усякая ўлада знаходзіцца у падпарадкаваным стане адносна Бога і ніхто не можа заняць Яго месца.

Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што другое чытанне, паводле Першага Паслання апостала Паўла да Тэсаланікійцаў, з’яўляецца найбольш старажытным і было нам перададзена адным з самых вялікіх евангелізатараў усіх часоў. Папа звярнуў увагу на тое, што па-першае апостал Павел не прапаведваў адзін, але з многімі іншымі, а па-другое, што яго пропаведзь заўсёды суправаджалася малітвай.

Нарэшце, гаворачы аб фрагменце сённяшняга Евангелля, Папа звярнуў увагу на тое, што калі вучні фарысеяў і ірадыніяне, казалі Езусу, што ён навучае праўдзе, то рабілі гэта толькі для таго, каб злавіць яго на слове і потым абвінаваціць. Бэнэдыкт XVI адзначыў, што для нас словы аб праўдзівасці Хрыста з’яўляюцца вельмі важнымі, бо Ён сам “дарога, праўда і жыццё”.

“Новыя евангелізатары пакліканы першымі ісці шляхам, якім з’яўляецца Хрыстус, каб пазнаёміць таксама і іншых з прыгажосцю Евангелля, якое дае жыццё. І на гэтым шляху не магчыма ісці аднаму, але ў кампаніі: супольнасць і братэрства мы павінны прапаноўваць тым, каго сустракаем, каб і яны ўдзельнічалі ў Хрысце і яго Касцёле. Так, сведчанне адкрытае на пропаведзь можа адкрыць сэрцы тых, хто шукае праўду, і так, зможа адкрыць ім сэнс уласнага жыцця”.

Гаворачы, аб цэнтральным моманце сённяшняга евангелля, аб словах Хрыста “Аддайце Богу Божае і цэзару цэзарава”, Пантыфік звярнуў увагу на тое, што ў гэтых словах Езуса злучыліся палітычны рэалізм і прароцкі тэацэнтрызм.

“Падатак цэзару трэба плаціць, бо выява на манеце ягоная; але чалавек, носіць у сябе іншую выяву, выяву Бога, і таму Яму і толькі Яму, кожны чалавек абавязаны сваім існаваннем. Айцы Касцёла, адштурхоўваючыся ад таго, што Езус казаў аб выяве імператара на манеце, тлумачылі гэты фрагмент ў святле фундаментальнага разумення чалавека – створанага на падабенства Бога, аб чым гаворыцца ў кнізе Быцця”.

Папа адзначыў, што гэтыя словы багатыя антрапалагічным зместам, і не могуць абмяжоўвацца толькі палітычнай сферай. “Касцёл не абмяжоўваецца тым, што нагадвае людзям аб справядлівым падзеле паміж улады паміж цэзарам і Богам, палітычнай і рэлігійнай сферай. Місія Касцёла, як і Хрыста, заключаецца ў тым, каб казаць аб Богу, нагадваць аб яго суверэнітэце, заклікаць усіх, асабліва хрысціян, якія згубілі уласную ідэнтычнасць, аб праве Бога на тое, што яму належыць – на наша жыццё”, - сказаў Свята Айцец.

Затым Бэнэдыкт XVI абвясціў, што для таго, каб даць новы імпульс гэтай місіі Касцёла, ён прыняў рашэнне абвясціць наступны год “Годам веры”, аб якім хутка з’яўвіцца адпаведны Апостальскі ліст. “Гэты год пачнецца 11 кастрычніка 2012 г. ў 50-ю гадавіну адкрыцця ІІ Ватыканскага Сабора і закончыцца 24 лістапада 2013 г. ва ўрачыстасць Хрыста Валадара”, - сказаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.