2011-10-15 11:16:18

“Octava Dies”. Маўчанне і слова


RealAudioMP3 Кс. Фэдэрыко Ламбардзі, дырэктар Ватыканскага радыё і кіраўнік Залі Друку Ап остальскай Сталіцы, у сваёй штотыднёвай рубрыцы “Octava Dies” разважае аб адносінах паміж маўчаннем і словам. Ён нагадвае, што 29 верасня была абвешчана тэма разважання наступнага Сусветнага дня сацыяльнай камунікацыі: “Маўчанне і Слова: шлях евангелізацыі”, а затым, праз некалькі дзён, 9 кастрычніка, Папа скіраваўся ў кляштар у Сэрра-Сан-Бруно, у Калабрыі, каб памаліцца з манахамі ў адным з найбольш характэрных месцаў для духоўнасці Касцёла, дзе – як казаў яго настаяцель – на працягу стагодзяў “трымаецца запаленай лампа малітвы ў маўчанні і схаванасці”.

“Няма супрацьпастаўлення паміж маўчаннем і словам, паміж малітвай і абвяшчэннем. Бо маўчанне гэта неабходнае патрабаванне для таго, каб прыняць і падрыхтаваць сябе для слухання Слова”, - падкрэслівае кс. Ламбардзі.

На яго думку, для сучаснага чалавека, якога акружаюць няспынныя шумы – фізічныя і ментальныя, - жыццё манахаў выклікае захапленне і павагу, настальгію па рытмам і раўнавазе жыцця згубленым у мінулым. Кс. Ламбардзі звяртае увагу, што амаль усе адчуваюць зачараванне і разумеюць, важнасць месца, у якім маўчанне не азначае пустэчу, але подых духа, дзе становіцца магчымым дыхаць “лёгкім ветрыкам” прысутнасці Бога, “найбольшай Рэальнасці, якая існуе, і якая, знаходзіцца па-за адчувальным вымярэннем”, як казаў Папа.

“У той час як мы разважаем, як даць крылы “новай евангелізацыі” і яе пасланням, не будзем забываць, што яе эфектыўнасць народзіцца дзякуючы слуханню, якое патрабуе маўчання, поўнага рэальнасці жыцця Бога. Схаванае існаванне манахаў, якія ў Богу адчуваюць блізка усіх людзей зямлі, асабліва тых, якія шукаюць, змагаюцца і пакутуюць, нас вядзе і суцяшае, як казаў настаяцель кляштара ў Сэрра-Сан-Бруно”, - нагадаў дырэктар Ватыканскага радыё.








All the contents on this site are copyrighted ©.