2011-10-15 14:17:48

Бэнэдыкт ХVI павіншаваў з 50-годдзем фонд “Adveniat”


RealAudioMP3 15 кастрычніка ініцыятыва Канферэнцыі Біскупаў Германіі “Adveniat” адзначае 50-годдзе свайго існавання. З гэтай нагоды Бэнэдыкт ХVI скіраваў спецыяльнае пасланне да ўдзельнікаў форума гэтай арганізацыі, які праходзіць у Эсэне. Святы Айцец у пасланні нагадаў, што падчас Адвэнта ў 1961 г. нямецкія біскупы першы раз правялі збор ахвяраванняў на дапамогу Каталіцкаму Касцёлу ў Лацінскай Амерыцы. “З гэтых глыбокіх сувязяў Касцёла ў Германіі з братамі і сёстрамі з цэнтральнай і паўднёвай Амерыкі нарадзілася ініцыятыва пад назвай “Adveniat”. Гэтае шчодрае выражэнне хрысціянскай любові заслугоўвае вялікага прызнання”, - напісаў Папа. Святы Айцец нагадаў, што гэтая арганізацыя ўдзельнічае ў развіцці грамадства ў якім людзі могуць жыць у справядлівасці і міры. “Праз шматлікія сацыяльныя і дабрачынныя праекты, як таксама праз адукацыйныя праграмы ініцыятыва нямецкага епіскапата дала вялікую падтрымку бедным і слабым”, - адзначыў Святы Айцец.

Ужо бл. Ян ХХІІІ у лісце ад 11 студзеня 1961 г. выказаў падзяку біскупам Германіі за дапамогу Касцёлу ў Лацінскай Амерыцы. “Сёння жадаю аднавіць гэтую падзяку і сказаць усім католікам Германіі “дзякуй”, за 50 гадоў дапамогі”, - падкрэсліў Бэнэдыкт ХVI у сваім пасланні да нямецкіх католікаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.